999-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: у выніку ўдару па Адэсе і Сумах пацярпелі дзясяткі людзей

Амаль тысячу дзён Расія абстрэльвае тэрыторыю Украіны, яе мірныя гарады і мястэчкі. А Украіна нарэшце атрымала дазвол біць па расійскай тэрыторыі амерыканскай дальнабольнай зброяй.

e3e233f_zsu1300_690x387.jpg

***

Спецыялісты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) мяркуюць, што расійскія войскі, імаверна, засяродзяцца на захопе прыфрантавых украінскіх гарадоў зімой 2024-2025 гадоў і на гарадскіх баях, спрабуючы нівеляваць перавагі ўкраінскіх беспілотнікаў і магчымыя абмежаванні расійскай бронетэхнікі.

Узнагароджаны Крамлём заснавальнік і дырэктар вядомага тэлеграм-канала Міхаіл Звінчук заявіў у інтэрв'ю рускамоўнаму дыяспарнаму каналу «RTVI» 16 лістапада, што расійскія войскі будуць спрабаваць сканцэнтраваць баявыя дзеянні ў «населеных пунктах, а не ў адкрытых палях» зімой 2024-25 гадоў, і прывёў Тарэцк, Пакроўск і Курахова як прыклады гарадоў, дзе Расія будзе аддаваць прыярытэт наступу гэтай зімой. 

Звінчук сцвярджаў, што расійскія войскі рыхтуюцца пачаць бітву за Пакроўск і падыдуць да Пакроўска з поўдня і паўднёвага ўсходу.

Аналітыкі ISW падкрэслілі, што Звінчук з'яўляецца вядомым голасам у расійскім інфармацыйнай прасторы, мае сувязі з Крамлём і можа валодаць інсайдарскай інфармацыяй пра мэты Расіі на фронце і план кампаніі.

«Расійскія войскі нядаўна прасунуліся ва ўсходнюю частку Купянска і цэнтральную частку Часавага Яра, і такое прасоўванне можа быць часткай узгодненых намаганняў па прасоўванні ў прыфрантавыя гарады ў рамках падрыхтоўкі да наступальных аперацый зімой 2024-2025 гг.».

Раней ISW ўжо ацэньваў, што захоп Купянска або Часавага Яра будзе мець значны аператыўны ўплыў на геаметрыю фронту і пагражаць асноўным украінскім абарончым пазіцыям на адпаведных кірунках, а нядаўняе прасоўванне расійцаў да гэтых гарадоў паставіць ўкраінскую абарону на абодвух кірунках пад большую, але не непасрэдную рызыку.

Звінчук таксама сцвярджаў, што расійскія войскі таксама будуць спрабаваць павялічыць свае баявыя магчымасці зімой, у прыватнасці, магчымасці расійскіх беспілотнікаў праз важнасць «вайны беспілотнікаў».

Ён таксама адзначыў, што расійскія войскі маюць артылерыйскую перавагу над украінскімі войскамі, але пакуль расійскія войскі не могуць прасоўвацца наперад праз украінскія беспілотнікі. Звінчук выказаў здагадку, што лепш падрыхтаваныя і абсталяваныя войскі змогуць больш эфектыўна супрацьстаяць украінскім аператарам беспілотнікаў.

Раней ISW ужо адзначаў, што Міністэрства абароны Расіі, падобна, спрабуе цэнтралізаваць кантроль над неафіцыйнымі расійскімі падраздзяленнямі беспілотнікаў, і каментары Звінчука, верагодна, тычацца гэтых намаганняў, што паказвае на тое, што МА можа мець намер актывізаваць гэтыя намаганні зімой.

Нядаўна ISW ацаніў, што ўкраінскія беспілотнікі працягваюць адыгрываць крытычна важную ролю ў стрымліванні расійскага механізаванага манеўру і не даюць войскам РФ у поўнай меры выкарыстаць наяўныя ва Украіны абмежаванні ў жывой сіле і матэрыяльна-тэхнічных сродках.

Расійскае ваеннае камандаванне можа лічыць, што гарадскія баі з'яўляюцца пераважнымі для цяперашняга расійскага стылю вядзення баявых дзеянняў пяхотай, паколькі шматпавярховыя будынкі могуць забяспечыць ёй лепшае прыкрыццё ад украінскіх аператараў беспілотнікаў, чым дрэвы на адкрытай мясцовасці. Расійскае ваеннае камандаванне таксама можа аддаць перавагу гарадскім баям, каб пазбегнуць павелічэння выдаткаў, якія прасоўванне па сельскіх палях і населеных пунктах накладвае на расійскую бронетэхніку і рэзервы.

***

Ваенны эксперт фонду Карнэгі Майкл Кофман сказаў «The Washington Post», што дазвол на ўдары ракетамі ATACMS дазволяць украінцам больш упэўнена абараняць частку Курскай вобласці, якую яны захапілі ў жніўні.

Як пішуць карэспандэнты «Бі-бі-сі» ў ЗША, Адміністрацыя Джо Байдэна паведамляе Украіне, што дапаможа ёй утрымліваць маленькі кавалак расійскай тэрыторыі, які яна цяпер займае, як моцны козыр на будучых магчымых перамовах.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвечары ў нядзелю заявіў: «Сёння шмат хто ў медыя кажа пра тое, што мы атрымалі дазвол на адпаведныя дзеянні. Але ўдары наносяць не словамі. Такія рэчы не анансуюць. Ракеты самі за сябе скажуць. Абавязкова».

«Я не думаю, што гэта [дазвол] будзе вырашальным, — сказаў «Бі-бі-сі» заходні дыпламат у Кіеве, які пажадаў застацца ананімным. — Гэта сімвалічнае рашэнне, каб падняць стаўкі і прадэманстраваць ваенную падтрымку Украіне, якое даўно трэба было прыняць. Гэта можа павысіць цану вайны для Расіі».

Амерыканскі тэлеканал CNN са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што дальнабойную амерыканскую зброю «мяркуецца выкарыстоўваць у асноўным у Курску».

Тэлекампанія са спасылкай на «Інстытут вывучэння вайны» перадае, што ў радыусе дзеяння ATACMS знаходзяцца каля 250 расійскіх ваенных аб'ектаў, уключаючы 17 авіябаз.

***

Улады Еўрасаюза падазраюць Кітай у пастаўках дронаў для расійскага войска, піша «BILD».

Міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бербак пацвердзіла, што ЕС разглядае інфармацыю пра магчымую ваенную дапамогу з боку Кітая. Служба знешняй дзейнасці ЕС правярае інфармацыю пра вытворчасць дронаў на кітайскай фабрыцы для выкарыстання ў вайне супраць Украіны. Калі факты пацвердзяцца, могуць быць уведзеныя санкцыі.

Кітай адхіляе абвінавачанні, а дыпламаты звязваюць вытворчасць дронаў з сумесным праектам Кітая, Расіі і Ірана.

***

Войскі Расійскай Федэрацыі нарошчваюць колькасць і ствараюць новыя брыгады, заявіў міністар абароны Украіны Рустэм Умераў. Як цытуе словы чыноўніка «Радыё Свабода», «расійскія сілы будуць расці. Яны нарошчваюць колькасць сваіх сіл. Яны ствараюць новыя брыгады. Да 1 чэрвеня дасягнулі паловы таго, што спрабавалі паставіць сабе на мэце...

Яны выкарыстоўваюць многіх — наймітаў з Афрыкі, Азіі. Цяпер яны выкарыстоўваюць КНДР, гэта значыць у іх ёсць праблемы, але яны не спыняюцца, яны растуць. Дакладную колькасць мы ведаем. Гэта значная колькасць».

Паводле слоў Умерава, Расія мае праблемы з мабілізацыяй, таму і выкарыстоўвае войскі КНДР.

Міністр адзначыў, што цяпер Украіна працуе над тым, каб «стварыць сілы, якія змогуць супрацьстаяць, паколькі прыярытэтам з'яўляецца абарончая і стабілізацыйная аперацыі».

«Таму мы расцём, каб не даць аніякай перавагі», — адказаў журналістам кіраўнік МАУ.

***

За мінулыя суткі на адзінаццаці кірунках фронту адбылося 149 баявых сутыкненняў, самымі гарачымі застаюцца Пакроўскі і Тарэцкі кірункі, якія расійцы атакавалі агулам больш за 70 разоў, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.

«Сітуацыя на фронце застаецца напружанай. Праціўнік, выкарыстоўваючы сваю перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, бесперапынна атакуе нашы пазіцыі. Украінскія абаронцы стойка стрымліваюць націск акупантаў і наносяць ворагу максімальныя страты».

У ноч на 18 лістапада войскі РФ атакавалі Украіну балістыкай і 11 беспілотнікамі. Сілы СПА збілі 8 БПЛА.

«Вораг атакаваў Сумскую вобласць двума балістычнымі ракетамі "Іскандэр-М" з Варонежскай вобл. і кіраванай авіяцыйнай ракетай "Х-59" з паветранай прасторы Курскай вобл. таксама з Куршчыны вораг выпусціў 11 ўдарных БПЛА тыпу "Shahed" і беспілотнікаў неўстаноўленага тыпу».

Дроны былі збітыя супрацьпаветранай абаронай УСУ ў Палтаўскай, Харкаўскай, Чаркаскай, Чарнігаўскай і Кіеўскай абласцях. Тры БпЛА былі лакацыйна страчаныя.

Таксама Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі абясшкодзілі 1,5 тысячы расійскіх захопнікаў, 38 ББМ, 30 артылерыйскіх сістэм і 15 танкаў. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 18.11.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 722 440 (+1 560) чалавек;
  • танкаў — 9 365 (+15) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 19 059 (+38) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 20 586 (+30) адз.;
  • РСЗА — 1 252 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 999 (+0) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 19 073 (+99) адз.;
  • крылатых ракет — 2753 (+112) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 29 428 (+107) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 655 (+2) адз.

***

Расійская армія ў панядзелак днём нанесла ракетны ўдар па Адэсе, у выніку чаго загінулі 10 чалавек. Сярод загінулых — медыкі, паліцэйскія, звычайныя людзі.

Паводле звестак Адэскай АВА, параненыя амаль 4 дзясяткі чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей ва ўзросце 7, 10 і двое — 11 гадоў. Дзеці ў стане сярэдняй ступені цяжкасці шпіталізаваныя. Таксама ў бальніцах 30 дарослых, з іх трое ў вельмі цяжкім стане.

Паветраныя сілы Украіны ўдакладняюць, што 18 лістапада ў густанаселеным раёне Адэсы ўпалі абломкі збітай СПА балістычнай ракеты «Іскандэр-М», выклікаўшы разбурэнні і гібель людзей.

«У 11.57 вораг атакаваў Адэсу балістычнай ракетай "Іскандэр-М", якая была збітая супрацьпаветранай абаронай. На жаль, збітая варожая ракета ўпала ў жылы сектар Прыморскага раёна горада і выклікала шмат гора. Ёсць загінулыя і параненыя. Выказваем спачуванні родным і блізкім».

Акрамя таго, у 11.45 на падлёце да Адэсы сродкамі СПА быў збіты варожы БпЛА «Арлан-10», які, меркавана, быў накіраваны для ажыццяўлення паветранай выведкі.

***

Падчас абстрэлу Нікапаля загінулі два чалавекі: 58-гадовы мужчына і 62-гадовая жанчына, паведаміў старшыня Днепрапятроўскай АДА Сяргей Лысак у Telegram.

Паводле яго слоў, стан людзей, якія пацярпелі, здавальняючы, іх жыццю нічога не пагражае.

«На працягу дня акупанты больш за два дзясяткі разоў атакавалі Нікапальскі раён. Выкарыстоўвалі артылерыю, дроны-камікадзэ, скінулі боепрыпас з БпЛА. Агрэсар накіраваў зброю па Нікапалі, Марганецкай, Пакроўскай, Чырвонагрыгор'еўскай, Міроўскай грамадах.

У раёне пашкоджана інфраструктура. Пашкоджаны шматпавярхоўка, транспартнае прадпрыемства, крама, медустанова. Разбітыя восем прыватных дамоў, шэсць гаспадарчых збудаванняў, два аўтамабілі, экскаватар. Зачапіла і лініі электраперадач».

***

Колькасць загінулых у Сумах у выніку расійскай атакі 17 лістапада ўзрасла да 11 чалавек, піша «Суспільнэ» са спасылкай на в. а. гарадскога галавы Арцёма Кабзара.

«Паводле стану на раніцу колькасць загінулых у выніку атакі павялічылася да 11, з іх 2 — дзеці. Яшчэ 55 чалавек траўмаваныя, сярод іх 8 дзяцей».

Сярод загінулых — 9-гадовы хлопчык і 14-гадовая дзяўчынка, павндамілі ў ДСНС Украіны.

«Суспільнэ» са спасылкай на Кабзара прыводзіць іншыя лічбы: параненых — 68, сярод якіх 10 дзяцей.

Пазней у ДСНС паведамілі, што колькасць пацярпелых у выніку ракетнага ўдару па Сумах павялічылася да 89 чалавек, сярод іх 11 дзяцей.

Паводле слоў кіраўніка Сумскай АВА Ігара Кальчанкі, у рэанімацыі знаходзяцца 11 чалавек, з іх 6 дзяцей.

***

Расійскія вайскоўцы паведамілі, што ў ноч на панядзелак 59 БПЛА самалётнага тыпу атакавалі аб'екты на тэрыторыі Расіі. 

Паводле слоў расійцаў, нібыта ўсе беспілотнікі знішчаныя.

«Чарговымі сродкамі СПА знішчана 59 украінскіх БПЛА. Два БПЛА знішчана над тэрыторыяй Маскоўскай вобласці, сорак пяць БПЛА знішчана над тэрыторыяй Бранскай вобласці, шэсць — над тэрыторыяй Курскай вобласці, тры — над тэрыторыяй Белгародскай вобласці і тры — над тэрыторыяй Тульскай вобласці».