«Абсалютна выключаем удзел Рыгора Кастусёва ў любых формах гвалтоўных дзеянняў». Партыя БНФ выступіла з заявай

З нагоды затрымання старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва партыя выступіла з заявай аб недапушчальнасці гвалту і палітычных правакацый.

unnamed_239.jpg

Заява Партыі БНФ з нагоды затрымання старшыні Партыі Рыгора Кастусёва і далейшай прапагандысцкай кампаніі ўлад:
«Партыя БНФ паслядоўна трымаецца прынцыпаў законнай і празрыстай палітычнай дзейнасці, прынцыпова адмаўляе і асуджае любыя формы гвалту або экстрэмізму як сродкаў дасягнення палітычных мэт, у тым ліку — з боку цяперашняй ўлады або яе прыхільнікаў. Партыя БНФ дзейнічае выключна законнымі метадамі і неаднаразова заяўляла аб шырокім грамадска-палітычным дыялогу як адзіна магчымым шляху вырашэння цяперашняга крызісу.
Старшыня Партыі Рыгор Кастусёў з'яўляецца адным з аўтараў і цвёрдых прыхільнікаў такой палітычнай лініі. Адпаведна, мы лічым немагчымым і абсалютна выключаем удзел Рыгора Кастусёва ў любых формах абмеркавання, а тым болей — планавання якіх-кольвек гвалтоўных дзеянняў або замахаў. Старшыня партыі заўсёды строга трымаецца статуту і сочыць за яго выкананнем, пры гэтым статут Партыі БНФ не прадугледжвае і не можа прадугледжваць ніякіх іншых, апроч законных, негвалтоўных, празрыстых і талерантных метадаў палітычнай дзейнасці.
Натуральна, на разгляд статутных органаў Партыі БНФ ніколі не выносіліся і не маглі выносіцца прапановы, планы ці любая іншая інфармацыя, якая мела б дачыненне да любых змоў, перамоў ці іншых дзеянняў, скіраваных на гвалтоўны захоп ўлады, ці была б звязаная з агучанымі дзяржаўнымі СМІ 17 красавіка звесткамі пра такую змову.
Мы патрабуем вызвалення Рыгора Кастусёва і перакананыя, што на волі ён здолее абвергнуць усе падазрэнні і дасць вычарпальныя тлумачэнні адносна любых абвінавачанняў у свой адрас».