«Адрасныя санкцыі Еўрасаюза закрануць крытычныя галіны беларускай эканомікі»
«Беларусь зноў аказалася ў топе міжнароднага парадку дня з прычыны апошніх падзей з самалётам "Ryanair" і працягу рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі», — заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза ў знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, выступаючы сёння ў Еўрапарламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі.
Пра гэта піша «Свабода» са спасылкай на БелаПАН.
«Рэпрэсіі неаднаразова рашуча асуджаліся Еўрасаюзам, як і маштабныя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца з моманту прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года, — сказаў Барэль. — Апошнія падзеі з угонам цывільнага самалёта, які накіроўваўся паміж дзвюма сталіцамі краін ЕС, і прымушэнне яго да пасадкі ў Мінску з выкарыстаннем вайсковага знішчальніка сталі перасячэннем "чырвонай рысы". Гэта было не толькі грэбаванне бяспекай больш чым 100 пасажыраў, але і выклікам міжнародным правілам, якія рэгулююць авіязносіны».
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі асудзіў арышт журналіста і блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі Сафіі Сапега, які адбыўся пасля пасадкі самалёта.
«Вымушаныя паказанні ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання з'яўляюцца яшчэ адным прыкладам жахлівага парушэння базавых правоў чалавека, у якіх вінаваты рэжым Лукашэнкі, — адзначыў Барэль. — Было жудасна бачыць, як затрыманы плача і робіць прызнанні перад камерамі дзяржаўнага тэлебачання, нібы ён вінаваты ў мностве злачынстваў супраць Беларусі. Паверце мне, гэта былі жудасныя кадры».
Ён нагадаў еўрадэпутатам, што на наступны дзень пасля інцыдэнта з самалётам Еўрапейская Рада ўнесла пытанне Беларусі ў парадак дня свайго пасяджэння і затым прыняла шэраг рашэнняў па гэтым пытанні.
«Еўрапейская Рада заклікала да дадатковых санкцый, — адзначыў кіраўнік дыпламатычнай службы ЕС. — І ўпершыню мы вырашылі выкарыстоўваць адрасныя эканамічныя санкцыі. Да гэтага моманту нашы санкцыі ўжываліся персанальна, закранаючы фізічных і юрыдычных асоб, але не ўсю эканоміку краіны. Гэтым разам Еўрапейская Рада зрабіла запыт на ўжыванне адрасных эканамічных санкцый. Еўрапейская Рада таксама палічыла, што ўсе авіякампаніі, якія базуюцца ў ЕС, павінны пазбягаць беларускай паветранай прасторы, а таксама заклікаў да прыняцця неабходных мер, каб забараніць палёты ў еўрапейскай паветранай прасторы для беларускіх авіякампаній».
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі падкрэсліў, што забарона на палёты беларускіх авіякампаній у Еўрасаюз і еўрапейскіх кампаній у Беларусь была ўхваленая Радай ЕС на мінулым тыдні.
Паводле яго, завяршаецца праца над санкцыямі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да інцыдэнту з самалётам «Ryanair». Іх спіс будзе ўхвалены ў бліжэйшыя дні.
Барэль адзначыў, што кіруемая ім Еўрапейская служба знешніх дзеянняў супольна з Еўракамісіяй вядзе працу па падрыхтоўцы адрасных эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. «Я спадзяюся, што яны будуць ухваленыя падчас наступнага пасяджэння Рады міністраў замежных спраў ЕС. Санкцыі будуць закранаць крытычныя галіны беларускай эканомікі, — сказаў ён. — Але фінальнае рашэнне будуць прымаць дзяржавы-ўдзельніцы. Я спадзяюся, што яны будуць адзіныя ў гэтым рашэнні».
Жазэп Барэль таксама заклікаў не забываць, што цяпер у Беларусі «налічваецца не менш як 450 палітвязняў, уключаючы журналістаў, якія былі затрыманыя проста за выкананне імі сваёй працы, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і звычайных грамадзян, якія пратэставалі супраць парушэння рэжымам іх правоў і свабод».
Ён падкрэсліў, што Еўрасаюз працягне аказваць падтрымку ўсім пацярпелым ад рэпрэсій, а таксама будзе працаваць над тым, каб прыцягнуць вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.