Аглядальнік Guardian: Лукашэнка дзейнічае, зыходзячы з «тэорыі вар'ята»

Кіраўнік Беларусі, магчыма, дзейнічае згодна з палітычнацй стратэгіяй, вядомай як "тэорыя вар'ята", піша ў сваёй калонцы для Guardian прафесар універсітэцкага каледжа Лондана Эндру Уілсан, адзін з вядучых брытанскіх экспертаў па постсавецкіх краінах.

iron_throne_main.jpg

Дзеянні Лукашэнкі становяцца ўсё больш непрадказальнымі, лічыць брытанскі эксперт, павеламляе ВВС.

Часцей за ўсё гэтую тактыку звязваюць з прэзідэнтам ЗША Рычардам Ніксанам, які ў канцы 1960-х гадоў, у ходзе супрацьстаяння з Паўночным В'етнамам і СССР, хацеў, каб яго лічылі здольным на самыя ірацыянальныя і небяспечныя ўчынкі, аж да прымянення ядзернай зброі. У выніку праціўнікі павінны былі асцерагацца жудасных наступстваў і ісці на саступкі.

Уілсан пералічвае доўгі спіс скандалаў, звязаных з дзеяннямі Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў: толькі за апошні тыдзень з Алімпіяды ў Токіа была вымушаная эміграваць у Польшчу беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, у Кіеве пры дзіўных абставінах знойдзены мёртвым апазіцыйны актывіст Віталь Шышоў, а еўрапейскім дыпламатам даводзіцца тэрмінова шукаць адказ на арганізаваную Мінскам дастаўку нелегальных мігрантаў на тэрыторыю ЕС. Да гэтага ўлады Беларусі пасадзілі самалёт Ryanair, каб затрымаць апазіцыйнага актывіста, закрылі межы з Украінай і працягваюць жорстка пераследаваць палітычных апанентаў унутры краіны.

"Можа быць Лукашэнка і не чытаў шматлікіх біяграфій Рычарда Ніксана, але ён, верагодна, адчувае на практыцы яго "тэорыю вар'ята", па якой непрадказальнасць і безразважныя паводзіны даюць перавагі — яны ставяць у тупік апанентаў і нават саюзнікаў, — піша Уілсан. — У дадзеным выпадку тыя еўрапейскія дзяржавы, якія настроены ў адносінах да Беларусі больш мякка, будуць сумнявацца, што санкцыі, якія дзейнічаюць супраць краіны, каштуюць усіх гэтых праблем".

Але Уілсан перакананы, што Захад павінен адказаць на такія паводзіны новымі санкцыямі, у тым ліку супраць расійскіх і беларускіх алігархаў, "якія падтрымліваюць рэжым". Ён таксама лічыць, што заходнія краіны абавязаныя больш актыўна аказваць дапамогу Украіне, а таксама садзейнічаць Літве ў абароне межаў Еўрасаюза.

"Незалежна ад таго, ці з'яўляецца гэта вар'яцтва вынікам палітычнага разліку, [беларускаму] дыктатару больш нельга дазваляць паводзіць сябе так беспакарана, — робіць выснову Уілсан. — Зрэшты, абараняючы сябе і іншыя дзяржавы, мы не павінны забываць, што больш за ўсё цяпер пакутуюць самі беларусы".

Паводле ВВС