АГП пачала фарміраваць ініцыятыўную групу па вылучэнні Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты

Аб'яднаная грамадзянская партыя пачала фарміраванне ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года палітвязня Мікалая Статкевіча, паведаміў лідар партыі Анатоль Лябедзька 6 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.



statkievicz_kandydat.jpg

Паводле слоў Лябедзькі, у ініцыятыўную групу апрача яго ўвайшлі Станіслаў Багданкевіч, Леў Марголін, Антаніна Кавалёва, Віктар Карняенка, Юрый Хашчавацкі, Гары Паганяйла, Зінаіда Бандарэнка і іншыя. «Гэта некалькі дзясяткаў віп-персон, якія сваім прыкладам спрабуюць прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў у Беларусі», — сказаў Лябедзька.
Палітык зазначыў, што будзе створана, «хутчэй, група салідарнасці з палітвязнямі, таму што да збору подпісаў за вылучэнне справа, відаць, не дойдзе». «Але мы спадзяемся, што стварэнне ініцыятыўнай групы і яе дзеянні наблізяць вызваленне Мікалая Статкевіча», — сказаў ён.
Неабходна зазначыць, што кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года плануе вылучацца і сам Лябедзька.
Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У маі 2011 года суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010-га. Зараз палітык адбывае пакаранне ў магілёўскай турме № 4. Яму неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але Статкевіч катэгарычна адмаўляецца гэта зрабіць.
БелаПАН