Актывістку аштрафавалі за «прыставанне да грамадзян»
У судзе Акцябрскага раёна (Гомельская вобласць) 17 лютага завяршыўся разгляд адміністрацыйнага пратакола, складзенага міліцыянерамі ў дачыненні да актывісткі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, лідара «Маладых дэмакратаў» Алены Луцковіч.
![Алена Луцковіч. Здымак Радыё Свабода Алена Луцковіч. Здымак Радыё Свабода](/img/v1/images/3085ede6_0132_49d7_8651_0f18d6ef24fb_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алена Луцковіч. Здымак Радыё Свабода
Месяц таму, 17 студзеня, яна разам з блогерам Андрэем Павуком праводзіла апытанне мясцовых жыхароў, што міліцыя расцаніла як дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КоАП).
Згодна з міліцэйскім пратаколам, Луцковіч «наўмысна, беспадстаўна, неаднаразова спыняла і прыставала да грамадзян, патрабавала адказаць на яе пытанні, на просьбы грамадзян адстаць не рэагавала, чым парушыла грамадскі парадак і спакой грамадзян».
Актывістка АГП і блогер здымалі сюжэт для супольнасці ў сацыяльнай сетцы «Рудабельская паказуха». Яны хацелі пачуць меркаванне мясцовых жыхароў пра выбары — наколькі яны сумленныя і справядлівыя.
Суддзя Людміла Гормаш 17 лютага вынесла рашэнне аб тым, што Луцковіч вінаватая ў дробным хуліганстве, бо «наўмысна, беспадстаўна, назойліва, неаднаразова спыняла і чаплялася да грамадзян, патрабавала адказаць на яе пытанні, на просьбы грамадзян пакінуць іх у спакоі не рэагавала». Лідар «Маладых дэмакратаў» віну не прызнала і для абгрунтавання сваёй невінаватасці падала відэазапіс апытання. Відэа суд не прыняў да ўвагі, бо «запіс з перапынкамі, зафіксаваны ў дачыненні да кожнага грамадзяніна асобна, такім чынам, не з'яўляецца поўнай фіксацыяй».
Луцковіч пакараная штрафам у 15 базавых велічынь (345 рублёў).
17 студзеня ў міліцыю патэлефанаваў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы райвыканкама Сяргей Зарычны. Ён заўважыў на цэнтральнай плошчы Андрэя Павука і Алену Луцковіч, якія «рабілі нейкае апытанне грамадзян», і вырашыў, што яны парушаюць грамадскі парадак.
Міліцыя апытала трох работнікаў райвыканкама, да якіх быццам бы прыставала Луцковіч. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы Таццяна Семянец, начальнік упраўлення па працы, занятасці i сацыяльнай абароне Таццяна Габінетава і галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва Ірына Дулуб напісалі, што пасля «назойлівых чаплянняў» Луцковіч быў парушаны іх эмацыйны спакой, што паўплывала на ажыццяўленне працоўнай дзейнасці.
Габінетава паскардзілася ў міліцыю, што Луцковіч «рэзкім рухам» заступіла ёй «рух на працу ў будынак РВК» і стала «піхаць» ёй у твар мікрафон.
Актывістка расцэньвае дзеянні мясцовых міліцыі, чыноўнікаў і суда як пераслед паводле палітычных матываў.
«Абсурдная і смешная сітуацыя, з аднаго боку, і сумная — з іншага. Чыноўнікі ў нас як каста недатыкальных, да іх нельга падыходзіць, нельга задаваць пытанні. З іншага боку, у іх вельмі слабая псіхіка, раз пасля аднаго пытання аб выбарах яны страцілі эмацыйны спакой і не здолелі працаваць», — пракаментавала рашэнне суда Луцковіч.
Яна лічыць, што спакой чыноўнікаў парушыла пытанне аб выбарах, бо многія работнікі райвыканкама засядаюць ва ўчастковых і акруговых камісіях і «каму, як не ім, ведаць пра фальсіфікацыі».
Актывістка АГП будзе абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі.
Паводле БелаПАН