Алена Анісім пацвердзіла свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах
Першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) Алена Анісім не адмовілася ад намеру вылучацца кандыдатам на
прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
"Мы працуем у гэтым кірунку, размаўляем з людзьмі з розных арганізацый, распрацоўваем праграму Я працую над тым, каб стварыць каманду і вылучацца, як толькі будуць абвешчаныя выбары", — паведаміла БелаПАН Алена Анісім.
Паводле яе слоў, цяперашняя сітуацыя "змушае рэагаваць і ісці далей". "Так атрымалася, што на палітычным полі нацыянальна-патрыятычныя сілы зараз практычна не прысутнічаюць. Гэта змушае ісці наперад. Вядома, можна было б з кімсьці аб'яднацца, дэлегаваны свае галасы, але пакуль так дзейнічаць няма з кім", — сказала першы намеснік старшыні ТБМ.
Анісім нагадала, што ў канцы 2014 года прайшоў Кангрэс за незалежнасць. "Было вельмі важна, каб быў пачуты голас патрыётаў Беларусі, якія занепакоеныя няпростымі геапалітычнымі ўмовамі, тым, што неабходна захаваць у першую чаргу незалежнасць краіны. Аднак мы сутыкнуліся з тым, што апазіцыйныя палітыкі да гэтага не гатовыя", — адзначыла яна.
Па словах Анісім, незалежнасць "трэба ўзмацняць знутры, абапіраючыся на грамадзян, а не толькі на тыя апазіцыйныя структуры, якія працуюць ужо шмат гадоў". "Апазіцыйныя палітыкі — добрыя людзі, але, відавочна, у нечым яны памыляюцца стратэгічна", — мяркуе Анісім.
Удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах плануе актывістка кампаніі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч. Арганізацыя прапануе вылучыць яе кандыдатам у прэзідэнты ад праекту "Народны рэферэндум" (ён аб'ядноўвае "Гавары праўду!", Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), Партыю БНФ і рух "За Свабоду"). Рашэнне падтрымаць кандыдатуру Караткевіч ўжо прыняла палітычная камісія Партыі БНФ. БСДП (Грамада) і рух "За Свабоду" ў гэтым пытанні пакуль не вызначыліся.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 20 лістапада.