БХД і ТБМ пачалі кампанію па пашырэнні навучання дзяцей у садках на беларускай мове
Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) і грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) пачалі сумесную кампанію па пашырэнні навучання дзяцей у садках на беларускай мове.
Як адзначыла прадстаўнік БХД Марына Хоміч, сёння навучанне дзяцей на беларускай мове сустракаецца дастаткова рэдка. "Мэта нашай кампаніі — павялічыць колькасць дзяцей, якія будуць вучыцца ў садках і школах на беларускай мове. Мы не хочам, каб беларуская мова ўспрымалася ў Беларусі як замежная", — сказала яна.
Хоміч паведаміла, што ініцыятары кампаніі да канца мая будуць збіраць подпісы тых, хто хоча, каб іх дзяцей вучылі ў дзіцячых садках на беларускай мове. "Мы прапаноўваем паведамляць нам аб сваім жаданні накіроўваць дзяцей у беларускамоўныя групы па электроннай пошце belsadok@gmail.com або па тэлефоне (025) 538-40-59. Са свайго боку мы абяцаем юрыдычную падтрымку. У нас ужо падрыхтаваныя заявы на імя начальнікаў упраўленняў адукацыі, спорту і турызму мінскіх адміністрацый з просьбай прыняць дзіця ў групу з беларускай мовай навучання ў дзіцячы садок, а таксама калектыўны зварот з патрабаваннем стварэння ў кожным дзіцячым садку і школе беларускамоўных груп і класаў", — сказала яна.
"Часта бацькі размаўляюць дома з дзіцем па-беларуску. Аднак яны аддаюць дзяцей у садкі і натыкаюцца там на сцяну неразумення. Яны вымушаныя аддаваць дзяцей у рускамоўныя групы, бо іншых проста няма. Таму неабходна, каб грамадства ўзяло пад свой кантроль рэалізацыю канстытуцыйнага права — выбраць беларускую мову навучання", — адзначыла першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.