Анатоль Лябедзька заявіў пра сыход з пасады старшыні АГП

8 ліпеня ў Мінску пачаўся XVIII з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў пачатку сваёй справаздачы заявіў, што прыняў рашэнне сысьці з пасады лідэра партыі, паведамляе Радыё Свабода.

liabedzka_3.jpg

«Гэта першы з’езд, да якога я не пісаў тэзісы. Учора я глядзеў футбол. Сёння я кажу не „бывайце“, а кажу „да пабачэння“. Гэта рашэнне прыйшло не сёння. Я яго прыняў. У мяне запаснога аэрадрому няма, але ёсць ідэі», — так пачаў свой выступ старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Далей ён адзначыў, што партыя выйграла 3 стратэгічныя бітвы:
«Першая — гэта Беларусь. Першыя суткі я атрымаў за тое, што выйшаў з плакатам „Жыве Беларусь!“ Сёння слова незалежная Беларусь паўсюль.
Другое — рынкавая эканоміка. Калі прааналізаваць апошнія дэкрэты, гэта частка нашай праграмы „Мільён новых месцаў“.
Трэцяя наша перамога — дыверсіфікацыя знешнеэканамічнай дзейнасці. Раней наша эканоміка была завязаная толькі на Расію, а цяпер на ўвесь свет. То бок нашы ідэі былі правільныя, жыццяздольныя», — падсумаваў Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька падзякаваў усёй сваёй камандзе за адданую працу. Скончыў свой кароткі выступ ён словамі «Жыве Беларусь!».