Андрэй Бандарэнка: «Зэк — бяспраўная істота»

Змены ў калоніях адбываюцца знешнія. Робяцца нейкія рамонты, фарбуецца ўсё. Але што тычыцца ўнутранага стану, гэта як быў маральны ГУЛАГ у часы СССР, так і застаецца. Тут усё накіравана на маральнае падаўленне, на знішчэнне асобы, на тое, каб выбіць у цябе ўсё чалавечае.

dscn5685_logo.jpg

У Андрэя Бандарэнкі падчас нашай размовы ці не кожныя дзесяць хвілін званіў тэлефон. Яго турбавала дачка, якая таксама засумавала па тату. На свабоду Андрэй выйшаў сенсацыйна — яго апраўдалі па 411-м артыкуле Крымінальнага кодэксу «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Апраўдальных прысудаў па такім абвінавачванні амаль не здараецца. Выпадак Бандарэнкі — хіба ці не адзінкавы.

— Андрэй, тваё вызваленне было цалкам нечаканым. Чаму цябе ўсё ж выпусцілі?

— Гэта, напэўна, самае складанае пытанне. У краіне, дзе ўсё пастаўлена з ног на галаву, рашэнні прымаюцца без удзелу логікі. Вызначыць прынцып дзеяння ўлады і падставы яе дзеянняў немагчыма.

Я на самай справе не ведаю, чаму мяне адпусцілі. Першая частка прысуду па справе была цалкам абвінаваўчай. Бачна было, што суддзя чытаў тое, што было напісана загадзя, з абвінаваўчым ухілам. Прычым, напісана было яўна без уліку паказанняў у судзе. А потым, ні з таго, ні з сяго — апраўдвае.

— Можа, паўплывала тое, што праваабаронцы ў выпадку абвінавачвання гатовыя былі прызнаць цябе палітвязнем?

— Не думаю. Для ўлады гэта значэння не мае. Адпускаць мяне — і садзіць дваццаць чалавек па справе «Белага легіёну» ў Мінску…

dscn5674_logo.jpg

— Але яны яшчэ не асуджаныя, і, адпаведна, не прызнаныя палітзняволенымі…

— Яны ўжо палітзняволеныя. Людзі ўжо сёння пазбаўленыя волі. Мы што, павінны дачакацца, пакуль яны нейкі тэрмін правядуць за кратамі, потым, як часцяком бывае, атрымаюць столькі, колькі ўжо адсядзелі, і іх выпусцяць? І што? Нібыта яны палітвязні, а нібыта ўжо і не? На маю думку, праваабаронцам трэба правесці апгрэйд сістэмы прызнання грамадзян палітвязнямі. Я разумею, што ёсць міжнародныя стандарты такога прызнання, але ў кожнай сітуацыі павінен быць асобны падыход.

— Цябе доўга «прасавалі» ў розных калоніях і турмах. Гэта норма для турэмнай сістэмы, альбо гэта выключна да цябе такое стаўленне?

— Я скажу, што гэта стандартныя адносіны да палітвязняў. Яны былі і да мяне, і ў свой час да Дзядка, да Статкевіча… Я размаўляў з Мікалаем, у яго таксама дагляды праводзілі ў яго адсутнасць, сшыткі гарталі, падымалі яго запісы, калі ён быў на прагулках…

У мяне было тое ж самае. Ты ідзеш на прагулку — скрэпку адпаведным чынам кладзеш, сантыметры з аднаго боку, з другога да яе вымяраеш. Прыходзіш — а той скрэпкі ўвогуле няма! Не тое каб яе акуратна ў часе праверкі пасунулі, а ўвогуле выкінулі! Знаходзіш потым яе недзе пад ложкам… Яны сябе ў гэтым плане не стрымлівалі.

Што да праблемаў перапіскі — гэта элемент маральнага ціску. Ты чалавеку пішаш — ён табе не адказвае. І ты пачынаеш думаць, што ён спыніў перапіску. А ён піша табе, і думае, што гэта ты яму не адказваеш. І абодва бакі думаюць: «А калі ж ён мне напіша?».

dscn5692_logo.jpg

У любым выпадку, усё ў месцах зняволення накіравана на маральнае падаўленне, на знішчэнне асобы, на тое, каб выбіць у цябе ўсё чалавечае. І асабліва гэта тычыцца палітычных.

— Ты за кратамі быў не ўпершыню, дый «Платформа» займалася інспекцыяй месцаў зняволення. Ці змянілася там нешта — з асабістага досведу?

— Змены ў калоніях адбываюцца знешнія. Робяцца нейкія рамонты, фарбуецца ўсё. Але што тычыцца ўнутранага стану, гэта як быў маральны ГУЛАГ у часы СССР, так і застаецца. «Зэк» — бяспраўная істота, асоба, якая нікога не цікавіць, не мае ніякіх правоў, у яго ёсць толькі абавязкі.

У калоніях і турмах няма ніякага папраўчага працэсу, гэта фармальнае ўтрыманне людзей пад вартай. Калі чалавек туды трапіў і будзе там «нармальна» сядзець, да яго не будзе прэтэнзій. Як толькі ты паспрабуеш нешта заявіць — мірнае жыццё скончана. Ты пазбавішся лістоў, перадач, званкоў, умоўна-датэрміновага вызвалення, на цябе завядуць справу па 411-м артыкуле, могуць зрабіць што заўгодна.

Пра які папраўчы працэс можа ісці гаворка, калі ў нас на 2000 зняволеных і асобаў, якія ўтрымліваліся пад вартай у следчым ізалятары, было два псіхолагі? Вынік мы бачым: людзі, якія вызваляюцца ўмоўна-датэрмінова, тут жа здзяйсняюць новае злачынства і вяртаюцца назад.

У іх сёння няма нават сістэмы ацэнкі працы пенітэнцыярнай сістэмы. Як толькі з’явіўся аграмадны рэцыдыў па вяртанні тых, хто выйшаў на волю ўмоўна-датэрмінова, — дайшло да 40%, калі мне не схлусілі, — замест таго, каб вырашаць гэту праблему, удасканальваць механізмы вызначэння тых, хто выправіўся, яны проста перасталі адпраўляць людзей на датэрміновае вызваленне. Вось і рашэнне: «У нас будзе меншы рэцыдыў, бо ніхто не выходзіць па УДВ».

dscn5698_logo.jpg

Змены ў калоніях тычацца побытавых умоў. Я быў прыемна здзіўлены, напрыклад, якасным харчаваннем. Іншым разам мне давалі кілбасу з кашай, у якой кілбасы было больш, чым кашы. Гатуюць — з тых прадуктаў, якія ім даступныя, — вельмі добра. Атрымліваюцца нібыта адкормліваюць на ўбой…

Але на побыт зняволеныя ніколі моцна не скардзіліся. Асноўныя прэтэнзіі — немагчымасць абскардзіць прысуд альбо спагнанне, стаўленне адміністрацыі да зняволеных. У гэтым плане не змянілася нічога.

— Ад пачатку нашы праваабаронцы не прызналі цябе палітзняволеным. На тваю думку, чаму?

— Сапраўды, чатыры гады я атрымаў не за тое, прыгожа ці непрыгожа я дзейнічаў, а па канкрэтным артыкуле Крымінальнага кодэкса. Асноўнае, што я хацеў ад праваабаронцаў, — не «палітзняволенасць». Я прасіў проста даць аналіз матэрыялаў маёй крымінальнай справы. Мне ў адказ пішуць: «Мы цябе ўсё роўна палітвязнем не прызнаем». Я пішу — ды не трэба мне гэта, дайце ацэнку крымінальнай справе! Мне высылаюць прынцыпы, паводле якіх вызначаюцца палітвязні. Я зноў пішу: не трэба мне гэта, проста вазьміце справу і прааналізуйце, наколькі законны прысуд… Мы размаўлялі як сляпы з глухім.

Выглядае камічна, але насамрэч гэта трагедыя для праваабароны. Калі праваабарончая арганізацыя нумар адзін, з вялікім аўтарытэтам у Еўропе, не ў стане правесці аналіз крымінальнай справы, то мы прыйдзем да сумных вынікаў. Урэшце палітвязнямі будуць прызнавацца па прынцыпе: «Плошча — дубінка — палітзняволены». А як толькі ўлада пачынае скарыстоўваць іншыя механізмы ціску, калі суд выносіць заведама неправасудны вырак — праваабаронцы «зліваюць» чалавека, і гэта няправільна.

Я не здымаю з сябе віну, не кажу, што мяне трэба абяліць. Але не толькі са мной тая праблема. Яна была і з Аўтуховічам, і з анархістамі… Калі падыходзіць да той жа «справы анархістаў» фармальна, то давайце выкажам і негатыўную ацэнку Майдану, бо там быў гвалт з абодвух бакоў.

Я ўпэўнены, што неабходна сядаць за стол і нанова абмяркоўваць прынцыпы прызнання палітзняволенымі, паколькі тое, што адбываецца зараз, на маю думку няправільна.

dscn5708_logo.jpg


— Ты збіраешся зноў заняцца праваабаронай?

— У «Платформы» быў жалезны прынцып: «Мы сваіх не кідаем». Пакуль за кратамі застаецца Міхаіл Жамчужны, яго вызваленне — пытанне нумар адзін. Менавіта з гэтага я пачну вяртанне ў праваабарону, у якую я, шчыра кажучы, не вельмі хачу вяртацца.

Вельмі складана падабраць людзей, з якімі можна працаваць. Менавіта працаваць, а не займацца імітацыяй. Цяжка дамагацца нейкіх значных вынікаў, і занадта дорага гэта абыходзіцца.

Праваабарона — цяжкая праца, яна патрабуе шмат часу, шмат ведаў, неабходных для дасягнення вынікаў. Той жа прыклад з Ігарам Пцічкіным, якога забілі ў СІЗА. Мы ў свой час багата высілкаў надалі гэтай справе — і дзякуй «Вясне», малайцы, яны давялі яе да лагічнага фіналу. Мне было вельмі прыемна, што справу скончылі і ў судзе перамаглі.

— І ўсё ж… Калі заўтра Жамчужны выйдзе на волю, «Платформа» спыніць сваё існаванне? Бандарэнка зоймецца сям’ёй, а справамі Пцічкіна, Барбашынскіх хай займаюцца іншыя?

— Пасля «Платформы» ўзнікла некалькі праваабарончых арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў зняволеных. Гэта і камітэт маці па 328-м артыкуле, і Мікалай Аўтуховіч, і іншыя… Гэта ўжо паказчык таго, што мы спрацавалі эфектыўна, далі дарогу іншым, паказалі, што гэта магчыма.

«Платформа» будзе існаваць, Бандарэнка не сыдзе ў сям’ю. Пытанне ў тым, ці будзе арганізацыя займацца толькі праваабаронай, альбо яна стане іншай, з іншымі абавязкамі.

Сёння я вяду перамовы з некаторымі праваабарончымі арганізацыямі пра стварэнне Асацыяцыі праваабаронцаў Беларусі, якая б аказвала комплексную падтрымку максімальнай колькасці людзей. Гэта спроба аб’яднаць праваабарончыя арганізацыі ў адну структуру, якая б дазволіла наладжваць камунікацыі паміж самімі праваабаронцамі і эфектыўна выбудоўваць працу.

Хутчэй за ўсё, буйныя праваабарончыя арганізацыі адмовяцца прымаць у гэтым удзел, таму што ўзнікне праблема лідарства і гэтак далей. А вось астатнія… Прычым, як я бачу гэтую Асацыяцыю, мы не будзем абмяжоўвацца выключна праваабаронцамі. Мы будзем далучаць і тых, хто займаецца абаронай правоў чалавека «ў тым ліку», паміж іншымі справамі. Гэта, напрыклад, прафсаюз РЭП, альбо «Малады фронт». Калі людзі гатовыя ўдзельнічаць — мы гатовыя да супрацы.

У той жа час гэта дае магчымасць рабіць заявы не ад адзінак. Гэта будзе ўжо голас асацыяцыі, меркаванне пэўнай катэгорыі праваабарончай супольнасці.

dscn5717_logo.jpg

— Гэта толькі ідэя?

— Гэта ідэя на стадыі абмеркавання. Мы ўжо паразмаўлялі з шэрагам праваабарончых структур. Для большасці, я мяркую, яна будзе прымальная, паколькі для самой арганізацыі прынцыпова нічога не зменіцца, але працэс яе працы павінен будзе змяніцца карэнным чынам у лепшы бок.

У нас шмат праваабарончых арганізацый, якія нібыта нешта робяць. Але такіх, чыя дзейнасць прыводзіць да канкрэтных вынікаў, вельмі мала. У нас абарона правоў чалавека ў большасці зводзіцца да таго, што мы кажам: у Беларусі парушаюцца правы чалавека, і гэта дрэнна. Так, гэта дрэнна, але павінна быць выбудаваная эфектыўная сістэма абароны гэтых правоў і іх узнаўлення. У Беларусі гэта крайне цяжка рабіць, але я інакш праваабарону проста не ўяўляю.

dscn5680_logo.jpg

Мне патрэбны вынік. Я хачу бачыць шчаслівыя твары людзей, якія атрымалі ад мяне падтрымку. Я хачу атрымліваць асалоду ад шчаслівых званкоў Пцічкінай. Вось ён, вынік, яго можна памацаць. А ад колькасці праманітораных парушэнняў гэтага не будзе.