Азбука паліталогіі: Ці выцягне навука эканоміку?

Уменне выстаўляць на вітрыну дасягненні ў спалучэнні са здольнасцю хаваць няўдачы займае далёка не апошняе месца ў спісе таго, чым адрозніваюцца аптымісты ад песімістаў.

Як гэта ўменне рэалізуецца на практыцы, 18 кастрычніка прадэманстраваў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Абмяжуюся адной цытатай, запазычанай на сайце president.gov.by: «У нас не было ні зніжэння, ні зрыву. Гэта і аб’ёмы вытворчасці, продажу, выкананне ўсіх праграм, інвестыцыі ў асноўны капітал — гэта значыць набыццё прыбораў і абсталявання, гэта і заработная плата, і ўсе паказчыкі па бізнес-планах».

Пераканаўча, пагадзіцеся. Пераканаўча для дырэктара фабрыкі дзіцячых падгузнікаў і жаночых гігіенічных пракладак. З якіх гэта часоў дасягненні акадэмікаў сталі вымярацца аб’ёмамі вытворчасці, інвестыцыямі ў асноўны капітал, заработнай платай і паказчыкамі бізнес-планаў?

Адкрываем статыстычны штогоднік: з 2010-га па 2021 год колькасць выдадзеных патэнтавых заявак скарацілася з 1 222 да 316 (у 3,9 разы!); за гэты ж перыяд колькасць персаналу, занятага навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі, знізілася з 31 712 да 25 644 чалавек (у 1,2 разы), з іх колькасць дактароў навук — з 746 да 548 (у 1,4 разы), а кандыдатаў навук — з 3 143 да 2 624 (у 1,2 разы). Гэта значыць, бяром не колькасцю, а ўменнем. Пытанне толькі ў тым, што бяром?

Нагода для аптымізму

Аднак жа не будзем пра сумнае. Хай сумнае застаецца ў мінулым. Прапаную зірнуць у будучыню, і дапаможа нам у гэтым амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты. На экспертна-медыйным форуме «Прамысловае і навукова-тэхналагічнае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі. Навука. Космас. Адукацыя» ён парадаваў удзельнікаў наступнай перспектывай: «Фінансаванне навукі ў Беларусі плануецца павялічыць да 2025 года ў 2,5 разы — з 0,6% да 1,5% выдаткаў ВУП. Пад гэта сфарміраваны пул праектаў на суму 2,5 мільярды долараў. Акрамя традыцыйных галін былі абраныя 4 прыярытэты — робататэхніка, біятэхналогіі, фармацэўтыка і ядзерная энергетыка».

Мае віншаванні беларусам, занятым навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі. Калі верыць статыстычнаму штогодніку, то з 2010 па 2021 год доля фінансавання навукі ў ВУП скарацілася з 0,97% да 0,76% (сродкі рэспубліканскага бюджэту 0,29% + унутраныя выдаткі 0,47%). А тут — нібы трусік з цыліндру штукара — падваенне фінансавання ўсяго за два гады!

Аднак не выключана, што я радуюся заўчасна. У цытаце гаворка ідзе не пра абсалютны рост фінансавання, а пра рост долі фінансавання ў ВУП. А хто дасць гарантыю, што за два гады ВУП не знізіцца?

Тым не менш падстава для аптымізму ёсць: «Мне б вельмі хацелася, каб у кантакце са сваімі расійскімі калегамі мы дзейнічалі максімальна сінхронна, таму што праблемы на самай справе агульныя», — рэзюмаваў Дзмітрый Круты.

Для ацэнкі маштабу агульных праблем неабходна звярнуцца да міжнароднай статыстыкі. У лідарах — Ізраіль і Паўднёвая Карэя з 5% і 4,8% адпаведна, гэта значыць краіны, якія знаходзяцца ў стане перманентнай вайны з суседзямі/суседам. У большасці прамыслова развітых краін гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 3% ВУП. Пры гэтым неабходна памятаць, што для ЗША працэнт варта лічыць ад 25 трыльёнаў (прагноз на 2022 год).

Ацаніць перспектывы будзе нескладана

Ацаніць агульныя праблемы Саюзнай дзяржавы дазваляе і колькасць універсітэтаў у Топ–1000 рэйтынгу Times Higher Education па краінах свету.


На першым месцы з вялікім адрывам ад усіх — ЗША (160 універсітэтаў), на другім месцы — Англія (92), на трэцім — Кітай (65). У Расіі ў Топ–1000 здолелі патрапіць 18 універсітэтаў.

Ацаніць гэты паказчык нам дапаможа расійскі журналіст Павел Пранікаў: «У нас у патрыятычнай часткі публікі прынята абурацца тым, што вялікая дзяржава Расія закупляе нейкія дапатопныя мапеды-дроны ў нібыта адсталым Іране. Але па колькасці ўніверсітэтаў у сусветным Топ–1000 Іран ужо апярэджвае Расію амаль у 2 разы. І гэта пры тым, што насельніцтва Ірана і Расіі — 86 мільёнаў супраць 145 мільёнаў, і Іран жыве ўжо 40 гадоў пад санкцыямі, у той час як РФ 20 гадоў купалася ў лішках валюты».

З улікам скарачэння да нуля міжнароднага навуковага абмену для расійскіх навукоўцаў пасля 24 лютага, думаю, ацаніць бліжэйшыя перспектывы расійскіх універсітэтаў у Топ–1000 будзе нескладана.

Што да беларускіх універсітэтаў, то сярод першай тысячы месца для іх не знайшлося. Зрэшты, і большасці краін былога сацлагера выхваляцца асабліва няма чым (глядзі карту). «Нават пасля 30 гадоў вызвалення ад аўтарытарызму, — тлумачыць Павел Пранікаў, — Усходняя Еўропа так і не здолела здзейсніць ніякага інтэлектуальнага рыўка. Верагодна, таму, што ўжо на ранняй стадыі навуковай кар’еры навукоўцы адтуль з’язджаюць на Захад, а самой Еўропай гэтыя перыферыйныя тэрыторыі разглядаюцца як бесперспектыўныя з пункту гледжання апошняга тэхналагічнага ўкладу».

Пенсія дазваляе

Зыходзячы з існуючай рэальнасці, беларускія навукоўцы пад кіраўніцтвам свайго старшыні і вырашылі пераключыцца з навуковай дзейнасці на гаспадарчую, у чым вельмі нават займелі поспех.

У канцы лістапада — пачатку снежня акадэмікам даручана правесці выставу навуковых дасягненняў: «Мы гэта ўмеем рабіць. Вы не раз гэта арганізоўвалі. Падбяром добрую залу. Не толькі для таго, каб зрабілі справаздачу, далажылі пра поспехі, але і большай колькасці народу паказалі, што мы можам і што навука ў нас многае можа. На жаль, мы мала прапагандуем не толькі Акадэмію навук, але і дасягненні нашай навукі» (18.10.2022).

Не забытая і прыкладная навука. «Ды і студэнты ўжо сёе-тое навучыліся рабіць, паглядзець бы там».
Паглядзім, паглядзім... З памяшканнем праблем не будзе, калі на самым высокім узроўні прынята рашэнне падключыць адміністрацыю і ўрад.

У гэтай сувязі хацелася б нагадаць пра абавязацельства, што ўсклалі на сябе кіраўнікі Акадэміі навук 25 студзеня 2019 года: «Ровар, скутар, цяпер над матацыклам беларускім працуем. Што тычыцца электрамабіляў, той першы ўзор, які мы дэманстравалі, цяпер дапрацаваны. Ужо зрабілі электрамінівэн, невялікія электрычныя камунальныя машыну і грузавічок. І мы ўжо гатовыя прадэманстраваць гэтыя распрацоўкі».

Прайшло тры гады. Хацелася б усё згаданае вышэй штодня назіраць на вуліцах беларускіх гарадоў. Асабіста я не пашкадаваў бы грошай на беларускі матацыкл з электрарухавіком. Пенсія дазваляе... Яна ў мяне крыху ніжэй за сярэднюю па краіне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: