Бабруйск: у кандыдатаў узніклі праблемы з адкрыццём рахункаў

Бабруйскі сябра БХД і кандыдат па Быхаўскай акрузе №81 Арсень Чыгір (на фота) наўрад ці паспее скарыстацца сваім рахункам, каб вырабіць агітацыйную прадукцыю.

Арсень Чыгір

Арсень Чыгір


Я адкрываў рахунак у Бабруйскім аддзяленні «Беларусбанку». Аформіў дакументы вельмі хутка, мне сказалі, што ўсё выдатна. Але праз нейкі час апынулася, што супрацоўнікі банка перавялі грошы не на той рахунак, як мне паведамілі, у сталічны Нацбанк. Пераафармленне дакументаў зойме шмат часу, каля 10 дзён. То бок, пакуль я атрымаю грошы на рахунак, агітацыйная кампанія скончыцца. Натуральна, я буду падаваць скаргу ў «Беларусбанк», — кажа Арсень Чыгір.
Таісія Кабанчук, сябра БХД і кандыдатка па Ленінскай выбарчай акрузе № 78, таксама сутыкнулася з праблемамі падчас адкрыцця выбарчага рахунку ў «Беларусбанку».
Рахунак я адкрывала тыдзень, давялося сутыкнуцца з шэрагам непрыемных перашкодаў. Прыйшла ў банк, напісала заяву, кажуць «прыходзьце заўтра», на наступны дзень аформілася, але грошы не паклала, бо сказалі: «па тэхнічных прычынах немагчыма, прыходзьце заўтра». Назаўтра зноў «тэхнічныя прычыны», потым ім захацелася ўбачыць маю працоўную кніжку, і гэтак кожны дзень. Грошы таксама немагчыма было пакласці хутка, бо яны кладуцца ў тры-чатыры прыёмы... Гэткая цяганіна добра папсавала мне настрой, а найперш адняла шмат часу, за які я ўжо магла б пачаць вырабляць агітацыйную прадукцыю, — кажа кандыдатка.
На сённяшні дзень у Бабруйску рахункі адкрылі сем кандыдатаў па Ленінскай акрузе — Таццяна Гутарава, Аляксандр Кісель, Ірына Рынейская, Сяргей Бялянаў, Святлана Грыцэнка, Таісія Кабанчук, Дзмітрый Чыстабаеў. Па Першамайскай акрузе рахункі адкрылі толькі два кандыдаты — Аляксандр Бабцоў і Віталь Уласевіч.  Па Сельскай акрузе рахункі адкрылі  тры кандыдаты — Ігар Кананчук, Андрусь Архіпенка і Марыя Сушчанка.
Паводле spring96.org