Акруговая камісія не ўбачыла ў дзеяннях памочніка прэзідэнта парушэння закона
Акруговая камісія Шклоўскай выбарчай акругі №90 заклікала кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Дзмітрыя Гобарава і Рыгора Кастусёва выконваць Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.
![Рыгор Кастусёў і старшыня акруговай камісіі Шклоўскай акругі №90 Аляксандр Гурынаў. Рыгор Кастусёў і старшыня акруговай камісіі Шклоўскай акругі №90 Аляксандр Гурынаў.](/img/v1/userfiles/images/kastuseu_gurynau_avk.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рыгор Кастусёў і старшыня акруговай камісіі Шклоўскай акругі №90 Аляксандр Гурынаў.
Адпаведнае рашэнне было прынятае на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі 23 жніўня. На пасяджэння камісіі разглядалася заява Рыгора Кастусёва аб парушэнні выбарчага заканадаўства памочнікам прэзідэнта — галоўным інспектарам па Брэсцкай вобласці Дзмітрыем Гобаравым.
На пасяджэнні камісіі, якое распачалося ў 14-00, прысутнічаў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Гобараў і дзве давераныя асобы Рыгора Кастусёва — Пётр Мігурскі і Аляксандр Грудзіна.
Сам Рыгор Кастусёў не змог прыняць удзелу ў пасяджэнні, бо на 15-00 у Магілёве на “Радыё Магілёў” быў запланаваны запіс яго перадвыбарчага выступу.
Па словах Пятра Мігурскага, Дзмітрый Гобараў знаходзіўся ў пакоі акруговай камісіі разам з яе членамі яшчэ за 20 хвілін да пачатку пасяджэння. Падчас свайго выступу на пасяджэнні Дзмітрый Гобараў адрынуў усе абвінавачванні Кастусёва на свой адрас. Памочнік прэзідэнта патлумачыў, што ён знаходзіцца ў адпачынку, і ў свой вольны час можа наведваць любыя мерапрыемствы, таму ён і прысутнічаў 15 жніўня на нарадзе з удзелам кіраўніка краіны ў Брэсцкай вобласці.
Дзмітрый Гобараў таксама назваў паклёпам сцвярджэнне Кастусёва, што ён выкарыстоўваў сваё службовае становішча падчас наведвання Магілёўшчыны ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 16 жніўня.
Члены камісіі спрыяльна аднесліся да выступу Дзмітрыя Гобарава і не падтрымалі прапанову Пятра Мігурскага аб адмене рэгістрацыі Гобарава ў якасці кандыдата ў сувязі з парушэннем ім выбарчага заканадаўства.
У той жа час з боку камісіі прагучалі крытычныя заўвагі на адрас Рыгора Кастусёва, які, нібыта, сам са спазненнем прадставіў у акруговую камісію даведку з месца працы аб тым, што ён сапраўды знаходзіцца ў адпачынку. Таксама чальцы камісіі звярнулі ўвагу на той факт, што Кастусёў да гэтага часу не прадставіў у акруговую камісію графік сваіх сустрэч з выбаршчыкамі.
Па выніках пасяджэння акруговая камісія Шклоўскай выбарчай акругі №90 заклікала абодвух кандыдатаў, Дзмітрыя Гобарава і Рыгора Кастусёва, выконваць Выбарчы кодэкс. Рашэнне камісіі ў пісьмовым выглядзе кандыдаты ці іх давераныя асобы змогуць атрымаць заўтра.
Пасля прыняцця гэтага рашэння Аляксандр Грудзіна і Пётр Мігурскі пакінулі пасяджэнне камісіі, а Дзмітрый Гобараў застаўся ў памяшканні выбарчай камісіі разам з яе чальцамі.
Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што нейкія канкрэтныя каментары наконт рашэння акруговай выбарчай камісіі і сваіх далейшых дзеянняў ён будзе даваць толькі пасля атрымання на рукі пісьмовага рашэння камісіі.
Разам з тым Рыгор Кастусёў рашуча абвяргае заяву Гобарава аб паклёпе на яго адрас.
“Гэтыя людзі ў такой ступені паверылі ў сваю беспакаранасць, у тое, што Законы пішуцца не для іх, што ўжо не здольны адэкватна ацэньваць свае паводзіны. Таму Дзмітрый Гобараў і лічыць, што ён можа рабіць усё, што заўгодна, падчас выбарчай кампаніі, і гэта не будзе кваліфікавана як выкарыстанне службовага становішча”, — кажа Рыгор Кастусёў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”