«Бабы Шанэль» замест свята: гомельскія ўлады адмовілі ў правядзенні канцэрта ў гонар стагоддзя БНР

Гомельскія ініцыятары правядзення святочнага канцэрта ў гонар стагоддзя абвяшчэння БНР атрымалі адмову ад гарвыканкама. Чыноўнікі спаслаліся на занятасць памяшкання ў гэты дзень.

baby_2_1.jpg

Раней шэраг грамадскіх актывістаў і гісторыкаў падаў заяўку ў гарвыканкам, каб правесці святочны канцэрт 25-га сакавіка і адзначыць стагоддзе абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. У гэты дзень у горадзе над Сожам плануецца правядзенне тэматычнай экскурсіі па горадзе і яе дапаўненнем меўся быць канцэрт, на які сабраліся б музыкі і гурты, паэты ды грамадскія дзеячы. Правесці яго меркавалася ў Гарадскім цэнтры культуры, каб месца правядзення адпавядала маштабу падзеі.
Але 15 сакавіка гарвыканкам даслаў ініцыятарам адмову ў правядзенні канцэрта ў гэтым будынку ў сувязі з «раней запланаванымі мерапрыемствамі» і прапанаваў азнаёміцца з графікам іх правядзення.

baby_3_1.jpg


Варта адзначыць, што на сайце ўстановы ёсць звесткі толькі аб дэманстрацыі ў гэты дзень драматычнага фарса «Бабы Шанэль» паводле М. Каляды. Пры гэтым паказ пастаноўкі прызначаны на 15 гадзін, а канцэрт меркавалася пачаць а шостай. Пра правядзенне іншых мерапрыемстваў у ГЦК у гэты дзень не паведамляецца.

baby_3.jpg


На папярэдняй сустрэчы з чыноўнікамі йшла гаворка аб тым, што магчыма ў якасці альтэрнатывы арганізатарам прадставяць памяшканне палаца
— Літаральна ўчора нашы прадстаўнікі былі на сустрэчы з Віталём Атаманчуком, намеснікам старшыні Гомельскага гарвыканкама па сацыяльных пытаннях які разглядаў нашае пытанне, — каментуе сітуацыю адна з ініцыятарак святкаванняў стагоддзя БНР у Гомелі Марыя Булавінская. — Ён даў зразумець, што, магчыма, памяшканне ў ГЦК ў гэты дзень будзе занятае, але мы з вялікай верагоднасцю зможам разлічваць на палац культуры «ВІПРА». Адчувалася, што канцэрт усё ж будзе і што ўлады намераныя яго дазволіць калі не ў цэнтры, то прынамсі знайсці альтэрнатыву. Але цуду ў выніку не здарылася.
У мяне ўзнікаюць пытанні чаму гомельскія ўлады ідуць у разрэз з афіцыйнай пазіцыяй дзяржавы. Мы бачым, што зараз дазваляюцца мерапрыемствы ў Мінску, Гродна, Брэсце, Лідзе і іншых гарадах. А Гомель чамусьці ідзе супраць афіцыйнай пазіцыі цэнтра і ніякага ўдзелу ў святкаванні гэтай даты не прымае.
Мы будзем абмяркоўваць што можна зрабіць далей і будзем рэалізоўваць запасныя варыянты, калі ўлады больш ніяк не дапамогуць. Будзем сваімі сіламі ладзіць нешта іншае, але свята дакладна адзначым!