Барацьба за рэсурсы і чацвёртая прамысловая рэвалюцыя

Адзіная антыкрызісная стратэгія ў рамках беларускай мадэлі — сціснуць зубы і чакаць аднаўлення ранейшых коштаў на нафту.

svidraviny_1.gif


«Каменны век. Племя ўламраў збегла ад ворагаў у незнаёмыя землі. У няроўнай бітве загінула шмат воінаў, дзяцей і жанчын, родная тэрыторыя была пакінутая. Выжыванне племені пад пагрозай, і самае страшнае — згас агонь, які гарэў днём і ноччу, ратуючы людзей ад звяроў, ворагаў і непагадзі». Гэта анатацыя да кнігі Роні-Старэйшага Жозэфа «Барацьба за агонь», якую я запазычыў з інтэрнэту.
А цяпер скарыстаемся машынай часу і перанясемся праз тысячагоддзі ў Авальную залу Дома ўраду. На календары 21 красавіка 2011 года, на трыбуне — адзіны палітык (АП). Ён выступае з пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу: «Няўжо ўсе не разумеюць, што ідзе вайна за рэсурсы, за гэтую нафту?!»
Ад барацьбы за агонь да барацьбы за нафту. Такія крайнія кропкі ў гісторыі чалавецтва, і прамежак паміж імі запоўнены барацьбой за рэсурсы.
Зразумела, у кожнага перыяду гісторыі быў свой асноўны рэсурс. Чым гандлявалі нашы продкі, якія арганізавалі шлях з варагаў у грэкі? Адкрыем кнігу гісторыка Уладзіміра Хораса «Руская гісторыя ў параўнальным асвятленні»: «Паводле шэрагу гісторыкаў, дабрабыт Кіеўскай Русі трымаўся на рабаўладанні. «Жывы тавар», які здабываўся ў войнах, быў галоўным артыкулам вывазу на чарнаморскі і каспійскі рынкі».
Пра рэнтабельнасць «галоўнага артыкула» сведчыць наступнае: маладая дзяўчына каштавала ў Кіеве 2 куны, а на нявольніцкіх рынках Канстанцінопаля — 100. Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што «раб» па-англійску — «slave», г.зн. славянін.
У «Рускай праўдзе» — зборы законаў, выпрацаваных у сярэдзіне XI стагоддзя, — маёмасць цэніцца значна даражэй за чалавека, яго асабістую бяспеку і годнасць. Поспехі Кіеўскай Русі, як пісаў гісторык Васіль Ключэўскі, дасягаліся «цаной прыгнёту ніжэйшых класаў».
У сучаснай Беларусі «дэмакратыі і правоў чалавека не менш, чым у іншых». Хто б спрачаўся. Уся справа ў тым, што ў нас «ёсць свой погляд на гэтыя і іншыя актуальныя пытанні гуманітарнай сферы». Усё сапраўды так: гэты погляд абапіраецца на традыцыі, сфармаваныя яшчэ ў Кіеўскай Русі.

Экспарт упаў. З чаго плаціць?


«Хто з дзяўчат можа параўнацца з Гамлай? Яна лёгка можа несці на плячы самку аленя, хадзіць без стомы ад ранку да змяркання, трываць голад і смагу, абрабляць шкуры звяроў, пераплываць возера. Яна народзіць здаровых дзяцей. Калі Нао прынясе агонь, ён атрымае яе, не даючы наўзамен ні сякер, ні рагоў, ні мяхоў, ні ракавін. Гамла будзе належаць таму, хто верне агонь».
Такая логіка сацыяльных сістэм, заснаваных на цэнтралізаваным пераразмеркаванні рэсурсаў. Хто валодае манапольным правам пераразмяркоўваць, таму і належыць Гамла. Толькі наіўныя людзі здольныя падлічваць шанцы прадстаўнікоў апазіцыі на выбарах, пакуль у дзяржаўных засеках застаецца дастатковая колькасць рэсурсаў для пераразмеркавання.
Асноўная праблема Нао і яго гістарычных пераемнікаў звязана з узроўнем запаўнення засекаў. Кожнаму базаваму рэсурсу гісторыя адвяла свой тэрмін. У сярэдзіне X стагоддзя з-за абвастрэння адносін паміж Руссю і Хазарскім каганатам спыняюцца аптовыя пастаўкі «жывога тавару» па Волзе ў Персію. Хрышчэнне Русі ўдарыла па гандлі рабамі праз Візантыю. «Візантыйцы, — адзначае эканаміст Андрэй Моўчан, — сталі «афіцыйна» адмаўляцца купляць рабоў-хрысціян! Справа, вядома, не толькі ў высокіх маральных прынцыпах. У 1096 годзе пачынаецца першы крыжовы паход. «Прымус да міру» мусульман у Палесціне наносіць істотны ўдар па эканоміцы рэгіёну і па Візантыі як цэнтры гандлю. Попыт на рабоў (і наогул на тавары з Русі) падае».
У 1113 годзе ў Кіеве надыходзіць крызіс: лопаецца бурбалка спажывецкага крэдытавання. Летапісы фіксуюць падзенне ў некалькі разоў за XI стагоддзе «сярэдняй заработнай платы». І не дзіва. Экспарт упаў. Засекі апусцелі. З чаго плаціць? У існуючых умовах цэнтральная ўлада ў Кіеве вымушана выбудоўваць адносіны з рэгіёнамі па прынцыпе «бярыце столькі суверэнітэту, колькі можаце праглынуць». Знаёмая карціна, ці не праўда?
Каб падтрымаць гандлёвы баланс, Сталін у якасці асноўнага рэсурсу выкарыстаў зерне, выракаючы на галодную смерць мільёны яго вытворцаў. Стабільнасць у гады брэжнеўскага застою падтрымлівалася за кошт экспарту нафты і газу. У 1985 годзе цана на вуглевадароды спікіравала. Разам з ёй спікіравала і «дзяржава рабочых і сялян».

Сціснуць зубы і чакаць


«Мара Нао станавілася рэчаіснасцю. Усе яго думкі былі зараз засяроджаныя толькі на адным — як здабыць агонь».
Калі б Нао быў нашым сучаснікам і меў магчымасць выступаць з прэзідэнцкімі пасланнямі, то яго засяроджанасць «толькі на адным» магла б выліцца ў наступнае выказванне: «Мне здаецца, што нафта ў нас усё ж такі ёсць. А калі ёсць нафта, то не можа быць, каб не прарвала газам. Вучонага прэм’ера (Мясніковіча) мы ўзялі, акадэміка. Ён адчувае адказнасць і будзе глядзець, што ў нас там робіцца пад тоўшчай зямлі. Не можа быць такога, каб чалавек шукаў і не знайшоў».
Вучоны прэм’ер надзей не спраўдзіў. Тым не менш беларуская мадэль існуе ўжо трэці дзясятак гадоў, існуе дзякуючы нафце і газу. І першы, і другі прыродны рэсурс паступаюць у Беларусь па трубах у абмен на... пацалункі. Зразумела, што права на такі абмен стоадсоткава манапалізаванае, што дазваляе канцэнтраваць у адных руках усю паўнату ўлады.
Падзенне коштаў на нафту не ў стане запусціць «планавы» механізм трансфармацыі беларускай мадэлі зверху. І справа тут не ў суб’ектыўным фактары. Мадэль безальтэрнатыўная. Ёй няма куды трансфармавацца. Тут напрошваецца паралель з біялагічным арганізмам: ён альбо жывы, альбо мёртвы. «Таму мадэль нармальная, — тлумачыць АП, — яе не трэба ламаць. Трэба проста, вытрымаўшы, ведаючы прычыны цяжкага становішча, вытрымаўшы, чаго б гэта нам ні каштавала, праводзіць свой курс, ісці сваёй дарогай. Усё гэта адновіцца. Не сёння, не заўтра, але адновіцца. Гэтыя рэсурсы будуць запатрабаваныя заўсёды».
Вось што значыць разумець прыроду створанай табой сістэмы! Праблемы паўсталі ў сувязі з падзеннем коштаў на рэсурсы. Унутраных крыніц росту ў мадэлі няма. Таму адзіная антыкрызісная стратэгія — сціснуць зубы і жыць надзеяй на аднаўленне ранейшых коштаў.
Да пастаянных патрабаванняў АП дыверсіфікаваць экспарт варта ставіцца як да рытуалу. Нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні ў дыверсіфікацыі не маюць патрэбы, а пошук нішаў на сусветным глабалізаваным рынку для прамысловай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам — занятак безнадзейны.
Існуе два віды экспартнай прадукцыі: сыравіна і ўсё іншае. Сыравіна прадаецца на неканкурэнтных рынках, што дазваляе фармаваць цэны па прынцыпе: у Кіеве — 2 куны, у Візантыі — 100. Усяму іншаму даводзіцца канкураваць. А там, дзе канкурэнцыя, там прыбытак лёгка трансфармуецца ў страты.

Чарговая пераацэнка


Мае студэнцкія гады (пачатак 70-х) прыйшліся на актыўную фазу навукова-тэхнічнай рэвалюцыі (НТР). Яе галоўная характарыстыка — ператварэнне навукі ў вядучы фактар вытворчасці. Ва ўсялякім разе, так мне распавядалі на лекцыях па марксізму-ленінізму.
За мінулыя з тых часоў дзесяцігоддзі ўплыў «вядучага фактару» на сацыяльна-эканамічныя працэсы ў свеце павялічыўся шматкроць. Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя, пачатак якой быў зафіксаваны на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, — толькі адзін з прамежкавых вынікаў НТР. Яшчэ адзін маштабны вынік — чарговыя кардынальныя змены на рынку прыродных рэсурсаў.
НТР не адмяніла «вайну за рэсурсы». Яна зрабіла іх пераацэнку. На першае месца, як і ў часы Кіеўскай Русі, зноў выйшаў чалавек, але не ў якасці «прылады, што гаворыць», а ўпершыню ў поўнай адпаведнасці са сваёй відавой прыналежнасцю, г. зн. у якасці чалавека разумнага (homo sapiens).
Культура, паводле аднаго з вызначэнняў, ёсць пазабіялагічны спосаб вырашэння агульнабіялагічных праблем, галоўнай з якіх з’яўляецца праблема выжывання. Крытэры паспяховасці яе вырашэння — павелічэнне колькасці і арэалу распаўсюджвання біялагічнага віду. Паводле тых жа крытэраў можна ацэньваць і стан лакальных культур.
Канкрэтны прыклад. За дзесяць гадоў (з 2000 па 2010) насельніцтва ЗША павялічылася на 9,7%, а насельніцтва Расіі за той жа перыяд скарацілася на 2,7%. Каэфіцыент фертыльнасці (колькасць народжаных дзяцей да жанчын) у ЗША і Расіі меншы за 2, што сведчыць пра немагчымасць натуральнага ўзнаўлення насельніцтва.
Прырост насельніцтва ў ЗША забяспечваюць тыя, хто прыехаў. Толькі за першае дзесяцігоддзе XXI стагоддзя краіна прыняла 14 мільёнаў мігрантаў.
У 2015 годзе ў Беларусі на выхадзе мы маем 80,5 тысячы грамадзян, якія атрымалі від на жыхарства ў краінах Еўрасаюза. Важкі аргумент, пагадзіцеся. Ва ўмовах адноснай празрыстасці дзяржаўных межаў пераможцы ў барацьбе за галоўны прыродны рэсурс сёння вызначаюцца не на палях бітваў, а шляхам галасавання, «галасавання нагамі».