БХД падае заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса па факце нерэгістрацыі партыі

Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя” збірае неабходныя дакументы для падачы заяўкі ў Кнігу рэкордаў Гінеса ў катэгорыі "Самая шматлікая колькасць адмоваў у рэгістрацыі партыі”. Пра гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэту Георгі Дзмітрук. Прадстаўнікоў Кнігі рэкораў Гінэса плануецца запрасіць на з'езд БХД 13 чэрвеня.



143071.jpg

Робіцца гэта, каб прыцягнуць увагу да праблемы нерэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі. Апошняя партыя ў Беларусі ў Беларусі была зарэгістраваная ў 2000 годзе — 15 гадоў таму.

"Немагчымасць зарэгістраваць партыю ці грамадскае аб’яднанне — адно з галоўных парушэнняў грамадскіх свабод у Беларусі. Рэгістрацыя партыі — гэта як выдача пасведчання аб нараджэнні чалавека, прызнанне таго, што такая партыя існуе. А што з ёй будзе далей, пакажа час. Але дзяржава замест таго, каб зарэгістраваць БХД, паступае несправядліва, недэмакратычна і нелагічна. Утварэнне партыі БХД — факт, прызнаны ўсімі, апроч уладаў Беларусі. Пара пераадолець страхі, справіцца з фобіямі і перавесці ўзаемадзеянне з БХД у нармальнае рэчышча ў рамках закону”, — падкрэсліў Георгі Дзмітрук.

На дадзены момант БХД атрымала чатыры адмовы ў рэгістрацыі партыі. Не атрымалася зарэгістраваць і ніводную з абласных арганізацый хрысціянскіх дэмакратаў. Пяты ўстаноўчы з'езд Партыі БХД адбудзецца 13 чэрвеня. Беларусь — адзіная краіна Еўропы, дзе не зарэгістраваная хрысціянска-дэмакратычная партыя.

Прэсавая служба БХД