Беларусь падпісала Мытны кодэкс ЕАЭС
11 красавіка Беларусь падпісала Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Пра гэта інфармуе ria.ru са спасылкай на словы дырэктара дэпартамента мытнага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Дзмітрыя Някрасава.
Па яго словах, цяпер Мытны кодэкс паступіў у ЕЭК і бліжэйшым часам будзе апублікаваны на яе сайце.
Іншыя краіны ЕАЭС падпісалі гэты дакумент на саміце кіраўнікоў ЕАЭС у снежні 2016 года. Аляксандр Лукашэнка на гэты саміт не паехаў і заявіў, што Беларусь мае супярэчнасці з Мытным кодэксам ЕАЭС.
Днямі прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык на брыфінгу не выключыў, што афіцыйны Мінск можа падпісаць Мытны кодэкс бліжэйшым часам, але не называў канкрэтную дату.
У ЕАЭС уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расія.
Паводле euroradio.fm