Мітынг салідарнасці ў Нью-Ёрку (фота, відэа)
У Нью-Ёрку каля Беларускага консульства 9 красавіка прайшла
чарговая акцыя супраць дыктатарскай улады ў Беларусі.
Акцыя была арганізаваная моладдзю Бруклінскага аддзелу БАЗА,
вядоўцай акцыі была Святлана Казачок. Сярод выступоўцаў былі Ганна Сурмач —
старшыня Галоўнай Управы БАЗА, Таццяна Красоўская — старшыня Бруклінскага
аддзелу БАЗА.
Таксама далучыліся прадстаўнікі амерыканскага-еўрапейскага
камітэту салідарнасці, які быў заснаваны нацыянальнымі дыяспарамі Усходняй Эўропы, Балтыі, Каўказа і Крымскіх
татараў у Амерыцы.
З прамовай у падтрымку беларусаў выступіла Іванка Заяц — старшыня Нью-Ёркскага аддзелу Украінскага Кангрэсовага камітэту. Большасць прысутных — моладзь, якая была вымушаная эміграваць, але якая не забываецца на сваю Бацькаўшчыну і верыць у яе лепшую будучыню.
Знаходзячыся ў эміграцыі, важна разумець, што наша задача,
дзе б мы ні былі, — пашыраць веды пра
Беларусь, беларускую культуру ў свеце і тым асяроддзі, дзе мы ёсць.
Падзеі ж апошніх тыдняў прымушаюць нас выходзіць на вуліцы, пратэставаць і прыцягваць увагу да Беларусі. Тое, што адбылося ў мінулым месяцы, — самыя рэальныя рэпрэсіі. 300 чалавек былі арыштаваныя, на іх былі заведзеныя крымінальныя справы, і яны былі асуджаныя ні за што. Гэтая акцыя — факт салідарнасці з беларусамі, правы якіх зневажаюць улады ў Беларусі..
Нягледзячы ні на што, беларуская ідэя жыве, зноў адраджаецца і будзе жыць!