Беларуска-расійскія адносіны мінулі кропку незвароту
Беларусь блізкая да палітычнага пералому. З гэтымі выбарамі, ці, дакладней, поствыбарчым перыядам звязваюць спадзяванні на перамены ў кіраўніцтве краіны. Як ніколі многа размоў пра тое, што Расія гатовая не толькі падтрымаць змену палітычных эліт у Беларусі, але і надаць гэтым працэсам паскарэнне. Варыянты развіцця падзей у кантэксце міжнародных адносінаў абмяркоўваюць рэдактар «НЧ» Аляксей Кароль, журналіст Вольга Хвоін і аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Беларусь блізкая да палітычнага пералому. З гэтымі выбарамі, ці, дакладней, поствыбарчым перыядам звязваюць спадзяванні на перамены ў кіраўніцтве краіны. Як ніколі многа размоў пра тое,
што Расія гатовая не толькі падтрымаць змену палітычных эліт у Беларусі, але і надаць гэтым працэсам паскарэнне. Варыянты развіцця падзей у кантэксце міжнародных адносінаў абмяркоўваюць рэдактар
«НЧ» Аляксей Кароль, журналіст Вольга Хвоін і аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
— Тон Аляксандра Лукашэнкі ў дыялогу з усходняй суседкай кардынальна змяніўся ў прымірэнчы бок. Ці не значыць гэта, што ёсць дамова наконт прызнання Расіяй беларускіх
выбараў?
— Немагчымы ўжо гандаль па прынцыпу дай за дай. Масква стымулюе апазіцыйныя настроі ў наменклатуры, дый сама краіна цяжарная пераменамі. Я не адмаўляю варыянту пайсці па новым, больш
дэмакратычным шляху, як і варыянту сыходу ў поўную ізаляцыю. Гіпатэтычны палітык, які прыйдзе на змену Лукашэнку, будзе вымушаны разрульваць тыя праблемы, што накапіліся за гэты час. У тым ліку і з
заходнімі крэдытамі. І чым больш мы патанаем у гэтай багне, тым больш зваліцца на галаву наступніку. Але з іншым кандыдатам магчымае змякчэнне, паніжэнне ціску. Паглядзіце, як змянілася палітыка
Расіі ў адносінах да Украіны пасля змены ўлады. Аляксандр Лукашэнка ўсё больш уцягвае краіну ў гэту яму пазыкаў. Але, калі не памылюся, Польшчы Еўрасаюз спісаў пяць мільярдаў долараў пазыкаў. І сёння
Польшча ці не адзіная краіна ў Еўропе, якая з крызісу выйшла з плюсам. Прычыны ў тым ліку і ў рэфармаванай эканоміцы. Нават Латвія выкараскалася. Былі датацыі Еўрасаюза, але гэта ЕС, а не іранскія,
венесуэльскія крэдыты, пра сутнасць якіх мы нічога не ведаем.
— Аляксандр Лукашэнка можа быць абраны ў снежні на чарговае старшынства ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Ён жа гаварыў, што гэта арганізацыя мусіць трымацца інтарэсаў
дзейных рэжымаў у крытычных сітуацыях. Калі пасля выбараў будуць пратэстныя настроі, ці можна чакаць уводу войскаў АДКБ у Беларусь?
— На апошнім нефармальным саміце АДКБ зноў падымалася тэма магчымага ўмяшання ва ўнутрыпалітычныя падзеі. Гэта дазваляецца, калі ёсць знешняя пагроза дзейснаму палітычнаму рэжыму. У
Кыргызстане такой пагрозы не знайшлі. Цяпер плануецца пашырыць функцыі АДКБ да паліцэйскіх. Калі ў Беларусь прыязджаў генеральны сакратар АДКБ, Лукашэнка з’ехаў у Брэсцкую вобласць з
працоўным візітам. Але, калі з’явіўся Бардзюжа, Аляксандр Рыгоравіч з ім сустрэўся, і абмяркоўваліся пытанні наступнага саміту ў Маскве. Пасля гэтай сустрэчы была прызначаная дата выбараў,
думаю, гэта ўзаемазвязана. Я не вельмі ўяўляю, як беларускі лідэр будзе сядзець за адным сталом з фактычна непрызнанай ім Розай Атунбаевай. І тым больш не разумею, як ён будзе каардынаваць працу
іншых прэзідэнтаў, у тым ліку Дзмітрыя Мядзведзева. АДКБ дзейнічае ў трох вымярэннях — армянскім, беларускім і цэнтральна-азіяцкім. Што беларусам рабіць у Цэнтральнай Азіі ці казахскаму
спецназу ў Беларусі? У АДКБ у гэтых трох вымярэннях пануе Расія. А арганізацыя больш ёсць інструментам для куплі-продажу зброі па льготных коштах.
— Расія і Захад: пазіцыі ў адносінах да Беларусі сышліся. Расія зацікаўленая ў змене, Захад — у дэмакратызацыі. Гэта ўпершыню, калі па абодва бакі хацелі б бачыць перамену ўлады ў
Беларусі.
— Захад і Расію аб’дноўвае не столькі Беларусь, колькі кітайская пагроза. І калі Лукашэнка гаворыць, што Беларусь гатовая стаць кітайскім плацдармам у Еўропе, гэта значна больш
эфектыўна перасцерагае брусельскіх камісараў, чым гіпатэтычныя дэмакратыя, празрыстыя выбары. А тут яшчэ і рэальная палітыка — як бы гандляваць без непрыемнасцяў. На жаль, такая пазіцыя ёсць
у Захаду. Калі мы чуем пра 15 мільярдаў долараў кітайскіх звязаных крэдытаў, то трэба памятаць, што гэта стварае рэальную пагрозу наплыву кітайцаў. Я не расіст, але насамрэч ёсць небяспека
з’яўлення меншасці, што стане ўплывовай, — гэта кітайцы, якія не інтэгруюцца ў чужую культуру. Тым больш, мы маем вялікія праблема з тытульнай нацыяй.
— Колькі можа аўтарытарны палітык супраціўляцца знешняму ціску?
— Лукашэнка — нерэфармуемы персанаж, і ён будзе супраціўляцца да апошняй хвіліны. Румынскі варыянт не пажаданы, але я б яго не выключаў. У Румыніі ўсё адбылося імгненна, ніхто
дагэтуль не ведае, якія снайперы сядзелі там на дахах і як выкарыстоўваліся шахцёры. Нагадаю, што Чаўшэску паспяхова праводзіў палітыку нацыянальнага эгаізму. Быў аўтарытарызм, крэдыты, нафта. Вельмі
падобна на паводзіны Лукашэнкі цяпер. Ён будзе да канца, нейкага варыянту свабодных выбараў не будзе, не чакае нас міралюбівая перадача ўлады ад дыктатара выбарнаму органу.
— Аўтарытарны рэжым абапіраецца на знешні і ўнутраны рэсурс. Беларусь губляе знешні. Застаецца толькі сацыяльны — цярпенне людзей. Калі ўзнікае пагроза ўладзе,
рэалізуецца сацыяльны кантракт.
— Масы ніколі не былі творцамі гісторыі. Таму іх можна паступова даводзіць да ўзроўню галечы. У Паўночнай Карэі налічваецца каля мільёна чыноўнікаў, якія зацікаўленыя ў рэжыме. Падобны клас
патрыцыяў сфарміраваўся і ў нас. Калі кажуць, што нашым чыноўнікам хочацца на Захад, то ўзнікае пытанне: навошта ім гэта? Іх задавальняе дзейсная сістэма, правілы гульні зразумелыя. Хаця яны і
жорсткія: як толькі нешта не так, адразу выцягваецца кампрамат. І мы не ведаем сапраўдны маштаб гэтых разборак. Для мяне вялікая загадка, чаму столькі ўплывовых чыноўнікаў атрымалі дазвол збегчы ў
Маскву. Звярніце ўвагу, якія пасады яны там займаюць: былы шэф КДБ Уладзімір Мацкевіч — дарадца генеральнага дырэктара буйнейшай расійскай кампаніі «Совкомфлот», былы шэф
КДБ Леанід Ерын — дарадца кіраўніка Расійскіх чыгунак, якія ачольвае генерал ФСБ Якаўлеў. Экс-міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў цяпер працуе дарадцам кіраўніка
дзяржкарпарацыі «Ростехнологии», якую ўзначальвае генерал ФСБ Чэмезаў. У Расіі піцерская брыгада генералаў-чэкістаў пасля Ельцына здзейсніла пераразмеркаванне і трымае эканоміку.
Былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Урал Латыпаў жыве і працуе ў Маскве. У старажытным Рыме, каб валадарыць, трэба было валодаць дарогамі. Цяпер трэба валодаць інфармацыяй. Гэтых людзей
адпусцілі ў Расію, і цяжка нават уявіць, што яны ведаюць.
— Лукашэнка не мог іх не адпусціць. Не тыя часы і не тая магутнасць...
— У мяне няма на гэта адназначнага адказу. Я чакаю з’яўлення Уладзіміра Мацкевіча. Ведаю, што ён двойчы спрабаваў прарвацца на прыём да кіраўніцтва Расіі, але не пусцілі. У Расіі
ідзе сістэмны падыход да беларускага пытання, і кропка незвароту пройдзеная. У Расіі хутка будуць выбары, я не выключаю, што могуць быць агучаныя кампраматныя звесткі аб бізнес-інтарэсах апальнага
Лужкова і Лукашэнкі. Дапускаю, што можа ўсплыць нешта пра сувязі з Барысам Беразоўскім. Бясконца спектакль «Беларусь — Расія» не можа цягнуцца.
— Гавораць пра варыянт пераемніка, унутранага, паступовага абмежавання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе і перадачы яе.
— Гэта абстрактныя канструкцыі, і ствараць іх мае права любы мазгавед. Што тычыцца старэйшага сына, Віктара Лукашэнкі, то, мяркую, гэта калектыўны псеўданім. Рэальна ён уладай, уплывам,
аўтарытэтам не карыстаецца. Гэта выгоднае нейкай групе асобаў увасабленне жорсткай лініі і легенды пра пераемніка. Нас пагружаюць у гэтыя разважанні, малодшага ўзгадваюць, але Аляксандра Лукашэнку
гэта толькі забаўляе. Думаю, што кіраўнік Беларусі ў рэжыме ручнога кіравання кантралюе дзейнасць сілавікоў. Гэтыя размовы пра пераемніка, пра рост уплыву памочніка па нацыянальнай бяспецы ў мяне
выклікаюць асацыяцыі з казачным персанажам Карабасам Барабасам, калі астатнія ўсяго толькі персанажы лялечнага тэатра. Бойкі паміж сілавікамі ёсць заўсёды, тым больш ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму,
пры адсутнасці парламенцкага, грамадзянскага кантролю. Лукашэнка ўсяго толькі адных падымае, іншых прытарможвае, а спецыфіка падобных рэжымаў у тым, што сілавыя структуры пасуць і сегменты
эканомікі.
— Якіх наступстваў у адносінах з Расіяй можа чакаць наша дзяржава пасля змены ўлады? Ці не пагражае нам новы варыянт Паўночна-Заходняга краю?
— Будзе пераходны перыяд да свабодных выбараў. Так, можа з’явіцца больш прадказальны кіраўнік. Я веру ў светлую будучыню Беларусі, але хацелася б, каб гэта адбылося пры нашым жыцці.
Расія наўрад ці пойдзе на варыянт калоніі, тым больш, ёсць новае пакаленне беларусаў, што не ўспрымуць такога павароту. У цяперашніх умовах малаверагодны варыянт таго, што Беларусь перастане быць
суб’ектам міжнароднага права. Страхі нацыянал-дэмакратаў у большасці надуманыя. Хутка ў Беларусі будзе новы польскі пасол, які не з’яўляецца прафесійным дыпламатам. А адносіны
Захаду да нашых унутраных, знешнепалітычных падзей моцна залежаць ад таго, пад якім ракурсам падаецца інфармацыя.