Цэнтрвыбаркам паведаміў, колькі грошай грамадзяне ахвяравалі апазіцыі на выбары
Грошы паступілі толькі на рахункі Таццяны Караткевіч і Сяргея Калякіна. Кандыдатцы ад "Гавары праўду" і Партыі БНФ пералічылі 500 тыс. рублёў, лідару беларускіх левых сілаў — 210 тыс. рублёў.
Цэнтрвыбаркам апублікаваў звесткі аб папаўненні выбарчых фондаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Як выявілася, грошы паступілі толькі на рахункі Таццяны Караткевіч і Сяргея Калякіна. Кандыдатка ад “Гавары праўду” і Партыі БНФ набрала 500 тысяч рублёў, лідар беларускіх левых — 210 тысяч. На рахункі іншых патэнцыйных кандыдатаў сродкі пакуль не паступалі ўвогуле.
Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў атрымалі магчымасць ствараць выбарчыя фонды адразу ж пасля рэгістрацыі — то бок 17 ліпеня. На дадзены момант толькі пяць ініцыятыўных груп скарысталася гэтай магчымасцю. На сайце, прысвечаным выбарам 2015 года, ёсць інфармацыя пра рахункі Таццяны Караткевіч, Сяргея Калякіна, Жанны Раманоўскай, Мікалая Улаховіча і Віктара Цярэшчанкі, паведамляе "Еўрарадыё".
Нагадаем, што сёлета дзяржава не выдзяляе кандыдатам і іх ініцыятыўным групам грошай, аднак максімальна магчымы аб’ём сродкаў, які могуць легальна выкарыстаць кандыдаты, павялічаны да 1 мільярда 620 мільёнаў.