Ініцыятыўная група Гайдукевіча заявіла, што сабрала 55 тысяч подпісаў
У падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча (на здымку) сабраныя 55 тысяч подпісаў (на раніцу 30-га ліпеня). Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе партыі.
Як вядома, збор ініцыятыўнымі групамі подпісаў пачаўся 23 ліпеня і працягнецца па 21 жніўня ўключна. Для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты трэба сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў. У склад ініцыятыўнай групы Гайдукевіча ўваходзяць 2 393 чалавекі.
Колькі сабрала подпісаў ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, пакуль невядома. Два дні таму за вылучэнне Сяргея Калякіна было сабрана 6 тысяч, за вылучэнне Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі — па 10 тысяч. А вось Віктар Цярэшчанка 28 ліпеня заяўляў, што ў яго ўжо было 14 тысяч подпісаў.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.