Хто «жыруе» на грашах з дапамогі дэмакратыі ў Беларусі?

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў правесці аўдытарскую праверку дапамогі, якую вылучаюць дэмакратычныя краіны на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Беларускі палітык выступіў з гэтым прапановай падчас паседжання працоўнай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» Еўранэст.



kroliki.jpg

«Была вельмі добрая дыскусія, прысвечаная медыя. Мы выступілі з прапановай, як найлепей падтрымаць СМІ Беларусі. Я сказаў, што калі Аляксандр Лукашэнка кажа, што палітычная апазіцыя і прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці атрымліваюць сотні мільёнаў даляраў, то гэта выклікае ў мяне ўсмешку. Але калі ўрадоўцы ў Бруселі кажуць, што падтрымка незалежнага грамадства і палітычнай апазіцыі ў Беларусі ўзрасла ўдвая, то ў мяне здзіўленне. Я не разумею, пра што ідзе гаворка. Я прапанаваў: давайце мы зробім аўдыт той дапамозе, якая ідзе ў Беларусь», — сказаў палітык racyja.com

Анатоль Лябедзька кажа, што ёсць незалежныя СМІ, ёсць праваабаронцы, ёсць палітычныя структуры, якія, вобразна кажучы, знаходзяцца на лініі фронту. Але ствараюцца і нейкія псеўда-дэмакратычныя арганізацыі.
 

Прапанова палітыка была падтрымана дэпутатамі Еўранэста. Таму наступнае паседжанне працоўнай групы па Беларусі будзе прысвечана вывучэнню эфектыўнасці дапамогі.
 

Чаму патрэбен такі аўдыт? На гэта пытанне карэспандэнт сайта «Таварыш.online» папрасіў адказаць старшыню Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы грамадзянскага грамадства Уладзіміра Мацкевіча.

Па яго словах, заклапочанасць беларускімі праблемамі змушае еўрапейскіх палітыкаў надаваць нашай краіне большую ўвагу. Але гэта ўвага не знаходзіць пэўных праграмных ці стратэгічных формаў. Звычайна гэта выяўляецца так: «Мы вельмі заклапочаны, але плана ў нас няма, таму мы павялічым крыху памеры дапамогі, якую вам выдзяляем».
 

«Прымаецца рашэнне пра павелічэнне гэтай дапамогі, а кіраванне фінансамі і рэгламентам дапамогі аддаецца клеркам розных фондаў, якія нічым такім не заклапочаны, апроч справаздачнасці і лёгкасці «засваення» бюджэтных сродкаў. Таму вялікая частка дапамогі проста распыляецца, без якой б там ні было мэты, без выніку», — адзначае лідар Нацыянальнай платформы.

У Еўропе, асабліва ў найбліжэйшых да Беларусі краінах, утварылася мноства арганізацый-пасярэднікаў, якія завязалі на сябе частку каналаў «дапамогі» Беларусі. Але інтарэсы гэтых арганізацый абмежаваны ўласным выжываннем ці росквітам. «Менавіта ў іх можа асядаць ільвіная частка «дапамогі» Беларусі. Але гэта толькі здагадкі і здагадкі, без аўдыту гэтага не высветліць. Варта разабрацца якая доля «дапамогі» даходзіць да Беларусі, а якая асядае ў арганізацыях-пасярэдніках», - мяркуе ён.
 

Апроч гэтага, усталяваліся трывалыя сувязі і адносіны паміж буйнымі беларускімі грантаатрымальнікамі і еўрапейскімі і амерыканскімі арганізацыямі пасярэднікамі. «Гэтыя сувязі аказваюцца важней мэт і каштоўнасцяў, якімі кіруюцца тыя, хто прымае рашэнне пра павелічэнне памераў «дапамогі». Таму дапамога размяркоўваецца «сярод сваіх», а не ідзе на дасягненне мэт ці на рэальную трансфармацыю і мадэрнізацыю ў Беларусі. Таму праводзіцца мноства пустых імпрэз і кампаній. Значная частка «дапамогі» марнуецца на ФДП (фіктыўна-дэманстратыўную дзейнасць) ці на ІБД (імітацыю бурнай дзейнасці)», - падкрэслівае Уладзімір Мацкевіч.

Лідар Нацыянальнай платформы кажа, што фінансавая справаздачнасць і бюракратыя ў еўрапейскіх праграмах дасягнулі такой складанасці, што пераважная большасць беларускіх грантаатрымальнікаў проста не здольныя выканаць усе вымогі і ўмовы, бракуе кампетэнтнасці. Гэтым карыстаюцца прафесійныя структуры і менеджары, манапалізуючы каналы паступлення «дапамогі», і выкарыстоўваюць іх у сваіх эгаістычных інтарэсах. Еўрапейскія ж фонды лёгка з гэтым згаджаюцца, бо ім так прасцей і надзейней працаваць.
 

«Шэраг палітыкаў ці прафесійных менеджараў, якія маюць прамы доступ да некаторых фондаў сталі гэтым карыстацца, патрабуючы «адкаты» з грантаатрымальнікаў за свае пасярэдніцкія «паслугі». Ну, і апошняе, добра б ведаць аб'ём дапамогі рэжыму наўпроста, і падстаўным рэжымным псеўда-НДА, і параўнаць яго з тым, што дастаецца дэмакратычным і незалежным структурам і арганізацыям», - рэзюмаваў ён.

Фёдар Кастроў, «Таварыш.online»