Ці стане Лукашэнка неўязным у Маскву?
Пакуль увесь свет назірае за падзеямі ва Украіне, Беларусь павольна рухаецца да шчаслівага Новага года. Святочны настрой ствараецца не толькі елкамі на плошчах краіны. Урад робіць усё, каб хоць гэтыя святы мы правялі з добрымі навінамі.
«Беларуськалій», які быў заціхарыўся пасля скандалу з Баўмгертнерам, адразу пасля ягонай выдачы Расіі запэўніў, што цалкам аднаўляе аб’ём вытворчасці ўгнаенняў. У жніўні 2013 года, пасля развалу беларуска-расійскага калійнага картэлю, ён прыпыніў працу двух з чатырох рудаўпраўленняў.
«На чарговай вытворчай нарадзе кіраўніцтвам прадпрыемства былі пазначаныя вытворчыя планы на бліжэйшы час: у снежні будзе ажыццяўляцца дзейнасць усіх чатырох рудаўпраўленняў»,
— паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік прадпрыемства. Паводле слоў суразмоўцы агенцтва, чацвёртае рудаўпраўленне было запушчана 29 лістапада. Праца трэцяга рудаўпраўлення
была адноўленая ў канцы кастрычніка.
Што ж, навіна неблагая. Значыць, праца нашым шахцёрам будзе. А значыць, будзе і заробак да Новага году, і нармальнае свята.
Увогуле, з адпраўкай Баўмгертнера ў Расію шмат што змянілася. Расія, якая раней «заціснула» нам пастаўку нафты, зараз сама «адкруціла назад». Прэс-служба
Міністэрства энергетыкі РФ заявіла, што аб’ём пастаўкі нафты яшчэ ў гэтым годзе дасягне 20,7 мільёна тон. Раней — ну ніяк не пагаджаліся даваць больш за 18,5 мільёна тон.
Аднак у Мінэнерга РФ адмовіліся пракаментаваць матывы, па якіх расійскі бок пагадзіўся павялічыць пастаўкі сыравіны на беларускія заводы. У Мінэнерга РФ толькі паведамілі, што ў тым
ліку ў чацвёртым квартале, з улікам зацверджанага дадатковага графіка, пастаўкі трубаправодным транспартам складуць да 3,85 мільёна тон нафты. Раней графік трубаправодных паставак на чацвёрты квартал
быў узгоднены ў аб’ёме 3,1 мільёна тон.
Баланс паставак нафты і нафтапрадуктаў з Беларуссю на 2014 год яшчэ не ўзгоднены, тэрмін падпісання адпаведных дакументаў — да 15 снежня гэтага года. Беларусь жадае атрымаць 23 мільёны тон
нафты і не супраць пастаўляць нафтапрадукты назад у РФ, але пры гэтым хоча, каб баланс быў падпісаны на ўвесь год, таму што «беларускія НПЗ і расійскія давальцы павінны прагназаваць развіццё
бізнэсу на год наперад».
Але не толькі ў Баўмгертнеру, мабыць, справа. Справа ў тым, што Расія, пэўна, спужалася — прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч знайшоў альтэрнатыву расійскаму
газу і нафце. Мясніковіч на пасяджэнні прэзідыума Савета Міністраў запатрабаваў, каб усе праекты па мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны былі завершаныя ва ўстаноўленыя
тэрміны.
«Сёння дрэваапрацоўка — гэта і наша нафта, і наш газ, — заявіў Міхаіл Уладзіміравіч. — Таму мы павінны не толькі забяспечыць глыбокую перапрацоўку
з выхадам на высокую дабаўленую вартасць, але і выгадна прадаць».
Прадаваць, па словах віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, мы гэта можам той жа Расіі: бо гэта «неабдымны рынак». І не кажыце нам пра тое, што ў Расіі, па-першае, сваіх лясоў
хапае, а па-другое, там даўно і стала атабарылася шведская «IKEA».
Канешне, гэты выпадак выключны: «IKEA», якая прынцыпова не дае хабару і «адкатаў», зараз актыўна працуе ў Расіі! Думаю, што пасунуць з рынку такога гульца будзе
вельмі няпроста.
Ну, у крайнім выпадку беларускай дрэваапрацоўкай сапраўды можна будзе замясціць газ і нафту, калі пасячы гэтую прадукцыю і закінуць яе ў печку.
Дарэчы, пра хабары — у нас з ім такая ж стабільнасць, як і ва ўсім. Беларусь у 2013 годзе захавала 123-е месца ў Індэксе ўспрымання карупцыі, разлічаным міжнароднай няўрадавай арганізацыяй
«Transparency International».
Найменш карумпаванымі краінамі названыя Данія і Новая Зеландыя, якія падзялілі першае месца, і Фінляндыя (3 месца). Найгоршыя паказчыкі — у Афганістана, Паўночнай Карэі і Самалі, што
падзялілі 175 месца.
Сярод суседзяў Беларусі лепшыя вынікі ў Польшчы (38 месца), Літвы (43 месца) і Латвіі (49 месца), горш — у Расіі (127 месца) і Украіне (144 месца). Грузія
заняла 55 месца, Арменія — 94, Малдова — 102, Кіргізія — 150, Таджыкістан — 154 месца, Туркменія і Узбекістан — на 168 месцы.
Аднак для Аляксандра Рыгоравіча ягоны калега і бліжэйшы паплечнік Уладзімір Пуцін зрабіў вельмі непрыемны падарунак. Пуцін прапанаваў Дзярждуме вярнуцца да тэмы крымінальнай адказнасці за
сепаратысцкія выказванні, убачыўшы ў іх пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці гіганцкай шматнацыянальнай краіны.
Профільны камітэт Дзярждумы ў лістападзе адхіліў распрацаваны дэпутатамі з пракрамлёўскай «Адзінай Расіі» законапраект, які ўсталёўвае крымінальную адказнасць за
«прапаганду сепаратызму». Але ў аўторак прэзідэнт на сустрэчы са студэнтамі-юрыстамі ў МДУ адказаў на пытанне пра адказнасць для тых, хто разважае пра выгоды згубы часткі тэрыторыі
Расіі.
«Вядома, трэба адказваць за такія рэчы,— мяркуе Пуцін. — Нядаўна я сустракаўся з кіраўнікамі ўсіх фракцый у Дзяржаўнай Думе. І лідар камуністаў Генадзь
Андрэевіч Зюганаў прапанаваў увесці крымінальную адказнасць. Гэта трэба абмяркоўваць, у тым ліку на пляцоўцы парламента», — сказаў ён.
Як вядома, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заляцаўся да расійскіх тэрыторыяў. Прычым на апошняй прэс-канферэнцыі з расійскімі журналістамі наўпрост патрабаваў аддаць «сінявокай»
Калінінградскую вобласць. «Я кажу часта — аддайце нам Калінінградскую вобласць. Мы кожны гектар, кожную сотку зямлі там будзем араць, і зробім з яе квітнеючы край… Я лічу,
што гэта наша зямля. У добрым сэнсе гэтага слова. Я не прэтэндую на тое, каб заўтра забраць Калінінград, але калі можна было б — то з задавальненнем», — казаў Аляксандр
Рыгоравіч.
Праўда, акрамя кпінаў у расійскіх сатырычных перадачах, гэтая прамова наступстваў не выклікала. Але зараз беларускі правадыр можа «адказаць за базар», і стаць неўязным у Расію, пад
пагрозай апынуцца ў крымінальным пераследзе і пад арыштам — як Баўмгертнер у Мінску. І ўсё гэта са згоды двух лепшых сяброў — Пуціна і Зюганава.