Ціханоўская, Латушка, Цапкала і Кавалеўскі выступілі са зваротам да беларускіх чыноўнікаў

«Калі вы чакалі зручны момант, то ён тут і цяпер».

Сёння мы — Святлана Ціханоўска, Павел Латушка, Вераніка Цапкала, Валерый Кавалеўскі — жадаем звярнуцца і да прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў, і да тых, хто працягвае падтрымліваць рэжым.
Не засталося ніякіх сумневаў, што Лукашэнка стаў беспаваротна таксічны для міжнароднай супольнасці. Тое, што народ Беларусі столькі месяцаў спрабаваў паказаць, нарэшце стала відавочна ўсім у свеце. Але зараз ён стаў пагрозай і для тых, хто ўвесь гэты час быў побач з ім. Яго неабдуманыя дзеянні кожны дзень пагаршаюць становішча ўсіх, хто хоць неяк звязаны з уладай у Беларусі: мы гаворым пра чыноўнікаў усіх узроўняў, бізнэсмэнаў і іншых.
Больш няма куды ўцякаць ад будучыні, час прызнаць адказнасць за яе. Вырашыць гэты крызіс і спыніць чалавека, які вядзе краіну ў прорву. Гэта наша з вамі агульная задача, і толькі тады мы зможам нарэшце будаваць доўгатэрміновыя планы і развіваць нашу краіну.
Падавайце ў адстаўку, далучайцеся да дэмакратычных сілаў, на вас зараз глядзіць уся краіна. У вашых сілах не толькі своечасова сысці, але і аднавіць закон у краіне.
Нам разам будаваць Новую Беларусь. І пачынаць трэба проста зараз!