Ціханоўская заклікала кіраўніка МВФ і міністра фінансаў ЗША заблакаваць рэжыму доступ да сродкаў МВФ
Учора, 20 жніўня, Святлана Ціханоўская накіравала лісты да кіраўніцы МВФ Крысталіны Георгіевай і міністаркі фінансаў ЗША Джанет Елен, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская з сенатарамі Робертам Менендэсам і Джымам Рышам
У лістах Ціханоўская заклікала МВФ і ЗША забараніць рэжыму доступ да сродкаў SDR — у тым ліку замарозіць абмен у свабодна канвертаваныя валюты, — да моманту, пакуль у Беларусі не будуць праведзеныя новыя свабодныя выбары.
Ціханоўская аргументавала заклік тым, што гэтыя сродкі, прызначаныя для народа, пойдуць на рэпрэсіі супраць беларусаў. Яна прывяла прыклады жорсткага абыходжання з людзьмі, прысудаў і затрыманняў па палітычных матывах, выкарыстання кавіду як біялагічнай зброі ў турмах. Ціханоўская заявіла, што дзеянні рэжыму з кожным днём пагаршаюць і без таго цяжкае эканамічнае становішча Беларусі, і новыя пераводы не павінны дапамагчы яму выйграць час утрымання ўлады.