Дунья Міятавіч: Інтэрнэт-СМІ не павінны цярпець пераслед

Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч распачала афіцыйны візіт у Мінск адкрыццём семінара для прадстаўнікоў інтэрнэт-СМІ.



img_20130603_090039.jpg

Фота Б.Гарэцкага

У сваім вітальным слове ў часе семінара Дунья Міятавіч выказала усцешанасць тым, што ўдзел у працы семінара прымаюць прадстаўнікі як незалежных, так і дзяржаўных беларускіх СМІ.

Апроч гэтага Міятавіч яшчэ раз падкрэсліла сваю прынцыповую пазіцыю адносна цэнзуры ў інтэрнэце.

«Свабода ў сетцы Інтэрнэт абмяркоўваецца сёння ва ўсіх краінах свету. Інтэрнэт вызначае тое, як мы будзем размаўляць паміж сабой у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Менавіта таму ў гэтай галіне нельга рабіць памылак і няправільных крокаў. Менавіта таму інтэрнэт-СМІ не павінны цярпець пераслед», — падкрэсліла Міятавіч.

Адметна, што ўдзел у працы семінара «Інтэрнэт-СМІ: свабода, прафесіяналізм і ўстойлівае развіццё» бяруць прадстаўнікі як незалежных, так і дзяржаўных СМІ. Сярод іх Аляксандр Старыкевіч, Ірына Віданава, Аляксандр Класкоўскі, Вольга Анцыповіч, Павел Быкоўскі, Юрый Пракопаў, Андрэй Крывашэеў, Дзмітрый Партон і іншыя.

Напрыканцы свайго выступлення прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ выказала спадзяванне, што ў хуткім часе здолее ізноў прыехаць у Беларусь.

Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА БАЖ