Дуня Міятавіч заклікае змагацца за свабоду слова

Па завяршэнні другога дня знаходжання ў Беларусі прадстаўніца АБСЕ ў пытаннях свабоды слова Дуня Міятавіч правяла брыфінг для журналістаў беларускіх і замежных СМІ. Яна распавяла пра сустрэчы, якія ўжо мела ў Мінску, а таксама пра мэты свайго знаходжання ў нашай краіне.



mijatovic.jpg

Брыфінг Дуні Міятавіч. Фота Генадзя Кеснера

Спадарыня Міятавіч паведаміла, што яе цяперашні прыезд у Беларусь стаўся вынікам працяглых перамоваў з тутэйшым кіраўніцтвам. Апошнім разам яна была ў Мінску ў 2010 годзе, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў. Пазней беларускія ўлады адмаўлялі ёй у магчымасці наведаць краіну.

Міятавіч падкрэсліла, што яна прыехала ў Беларусь на запрашэнне міністэрства замежных справаў і асабіста яго кіраўніка Уладзіміра Макея. У аўторак адбыліся сустрэчы з першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Аляксандрам Радзьковым, старшынём Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам, дарадцам прэзідэнта Валерыем Брылёвым, міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім, рэдактарам «СБ» Паўлам Якубовічам, а таксама кіраўнікамі двух камітэтаў Нацыянальнага сходу. Напярэдадні прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і Беларускага саюзу журналістаў (БСЖ).

Па словах прадстаўніцы АБСЕ, гэтае запрашэнне прыехаць у Мінск  ёсць знакам з боку Беларусі на жаданне супрацоўнічаць з яе офісам. «Гэтым разам для сустрэчаў былі адчынены ўсе дзверы, усе размовы абываліся ў шчырай і сяброўскай атмасферы, — адзначыла еўрапейская госця. — Але яны не былі простымі. У апошнія тры гады я неаднойчы ўздымала пытанні свабоды слова ў Беларусі, крытыкавала ўлады за многія іх дзеянні ў дачыненні да СМІ і журналістаў, і ўрад Беларусі пра гэта добра ведае».  

Як сказала Дуня Міятавіч, яе цяперашні візіт — гэта магчымасць, якую нельга прапусціць, бо гэта магчымасць палепшыць сітуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі.

«Мая роля — гэта супраца з урадам, але мая галоўная роля — пераканацца, што ўлады паважаюць свабоду СМІ. Гэта аднолькава як для Беларусі, так і для іншых 56 краінаў-сябраў АБСЭ», — акцэнтавала ўвагу прысутных спадарыня Міятавіч.

Некаторыя моманты падчас сваіх сустрэчаў у Мінску яна вызначыла як станоўчыя, але прадстаўніца АБСЕ ўпэўненая: перадумоваю для любых станоўчых пераменаў у сітуацыі са свабодай медыяў у Беларусі мусіць быць тэрміновае спыненне кароткатэрміновых затрыманняў журналістаў, якіх, паводле яе словаў, за апошні час было больш за 60. «Затрыманняў журналістаў не можа сабе дазволіць ніводнае сучаснае грамадства ў ХХІ стагоддзі», — заявіла прамоўца. Апроч таго, павінны быць адкліканы ўсе абвінавачанні супраць журналістаў.

Таксама Міятавіч выказала спадзяванне, што ў хуткім часе Мінінфарм спыніць практыку вынясення папярэджанняў на адрас СМІ. Выступоўца падкрэсліла таксама і неабходнасць лібералізацыі і дэмакратызацыі заканадаўства ў галіне сродкаў масавай інфармацыі і свабоды ў інтэрнэце.

Як пазітыўны момант спадарыня Міятавіч вызначыла рост папулярнасці інтэрнэта ў Беларусі і выказала спадзяванне, што ў краіне будзе павялічвацца колькасць грамадскіх месцаў са свабодным доступам да Сеціва. Станоўчым момантам Дуня Міятавіч лічыць і паляпшэнне сітуацыі ў адносінах да журналістаў Андрэя Пачобута і Антона Сурапіна.

Дуня Міятавіч заявіла, што хацела б убачыць у Беларусі стварэнне грамадскага радыё і грамадскага тэлебачання. Таксама, на яе думку, неабходны большы баланс паміж дзяржаўнымі і камерцыйнымі медыямі, а таксама чэсная канкурэнцыя паміж імі. 

Прадстаўніца АБСЕ заклікала ўсіх беларускіх журналістаў «аб’яднацца, працаваць з уладамі і турбаваць улады, каб яны разумелі, наколькі важна для самой гэтай улады ствараць законы, накіраваныя на развіццё свабоды прэсы, але не на яе стрыманне».

«Я спадзяюся ўбачыць станоўчыя знакі ўжо вельмі хутка, але калі іх не будзе, я зноў пачну крытыкаваць беларускае кіраўніцтва», — паабяцала Дуня Міятавіч.  

У сераду, 6 чэрвеня, маюць адбыцца сустрэчы прадстаўніцы АБСЕ ў пытаннях свабоды слова з міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем і кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі.