Двое грамадзян Літвы абвінавачваюцца ў шпіянажы на карысць Беларусі
Двум грамадзянам Літвы прад’яўленыя абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Беларусі, паведаміў у панядзелак намеснік Генпракурора Літвы Дарус Раўлушкайціс.
«Гэтая асоба працавала ў адной з кампаній, звязанай з кіраваннем палётамі», — сказаў журналістам пракурор.
Падазроны — жыхар Вільні, быў затрыманы амаль год таму, да гэтага часу знаходзіцца пад арыштам. Яго асоба не раскрываецца. Яму прад’яўленыя абвінавачванні ў шпіянажы, за гэта пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў, паведамляе «Інтэрфакс».
Як гаворыцца ў прэс-рэлізе Генпракуратуры Літвы, падазраваны, які працаваў на той момант у дыспетчарскай кампаніі Oro navigacija, у сваім кабінеце таемна фатаграфаваў дакументы, якія там знаходзіліся, і іншыя аб’екты і перадаў іх галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генштаба Узброеных сіл Беларусі.
Ёсць падазрэнні ў тым, што для Беларусі збіралася і інфармацыя аб Узброеных сілах Літвы, іх падраздзяленнях, пра дзяржкампаніі, якія маюць стратэгічнае значэнне для нацыянальнай бяспекі Літвы, іх дзейнасці, аб’ектах і абсталяванні на іх, гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Акрамя таго, па гэтай справе праходзіць яшчэ адзін падазраваны. Больш падрабязнай інфармацыі аб другім затрыманым ў пракуратуры не даюць.
Кіраўнік Дэпартамента Дзяржбяспекі Літвы Гядымінас Грына заявіў, што ўся аперацыя разведкі доўжылася больш за тры гады. Ён не каментаваў, колькі матэрыялу падазраваны паспеў перадаць Беларусі, аргументуючы гэта тым, што «мы не можам даць зразумець, што мы ведаем».
Раней Генпракуратура Літвы паведаміла, што Віленскі акруговы суд разгледзіць крымінальную справу ў дачыненні да грамадзяніна Літвы, які абвінавачваецца ў шпіянажы. Абвінавачаны называецца ініцыяламі Р. Л., яго імя не раскрываецца.