Журналістаў і галадоўнікаў, затрыманых у Бабруйску, адпусцілі з міліцыі без складання пратаколаў

Журналістаў і галадоўнікаў, затрыманых у Бабруйску, адпусцілі з міліцыі без складання пратаколаў. Пра гэта паведаміў карэспандэнт «НЧ» Вячаслаў Пяшко.



haladouka_0611.jpg

Па ягоных словах, у гарадскім аддзяленні міліцыі Бабруйска з усімі правялі прафілактычную гутарку. «Нам паведамілі, што калі адзнятыя намі матэрыялы з’явяцца ў эфіры, альбо працоўныя будуць працягваць акцыю пратэста, у далейшым усе атрымаюць альбо вялізныя штрафы, альбо 15 сутак арышту», — адзначыў Пяшко.

Тым не менш, усім журналістам былі аддадзеныя сканфіскаваныя ў іх раней дакументы, і ўсе, уключаючы галадоўшчыкаў, былі адпушчаныя з пастарунку без складання пратаколаў.

Па словах Пяшко, працоўныя маюць намер працягваць галадоўку.

Нагадаем, што 5 лістапада звольненыя з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў сябры Свабоднага прафсаюзу Беларусі пачалі акцыю пратэсту. Актывісты лічаць, што іх звольнілі з бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў незаконна, а сваёй галадоўкай яны намагаліся звярнуць увагу грамадскасці да пераследу сяброў незалежнага прафсаюзу.

Ад сёння галадоўнікі заявілі пра пачатак бестэрміновай галадоўкі, паколькі ўсе іх спробы прыцягнуць увагу кіраўніцтва Бабруйска да сітуацыі скончыліся беспаспяхова.