Праваабаронца Андрэй Бандарэнка ў калоніі абвясціў галадоўку
Былы палітвязень, праваабаронца Андрэй Бандарэнка абвясціў галадоўку ў бабруйскай калоніі. Ён галадае ад 27 кастрычніка.

Пра прычыны Радыё Свабода паведаміў бацька былога палітвязня Валер Бандарэнка.
«Прычынай стала правакацыя, якую супраць яго зладзілі. Пра яго распаўсюдзілі звесткі, што раней, яшчэ ў першую адсідку, ён нібыта сядзеў у камеры з чалавекам, у якога быў нізкі статус. І з гэтай прычыны такі статус павінен распаўсюджвацца і на яго. Маўляў, не можа ў тым ліку сядзець у сталоўцы за агульным сталом. Таму ён увогуле адмовіўся прымаць ежу. Прыходзіць у сталоўку і кажа, што адмаўляецца есці. Пакуль яго ў карцэр за гэта не садзяць, але сітуацыя ніяк не мяняецца да лепшага, да таго ж адміністрацыя забараніла ўсім вязням пад пагрозай пакарання кантактаваць з Андрэем. Ведаю, што сын бачыўся ў калоніі з начальнікам, але вынік гэтай размовы мне невядомы. Я таксама спрабую прабіцца на прыём да кіраўніцтва калоніі, але пакуль гэта не ўдаецца», — паведаміў 10 лістапада Валер Бандарэнка.
У жніўні Андрэй Бандарэнка, былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Платформ Інавэйшн”, быў асуджаны на 3 гады зняволення паводле абвінавачання ў злосным хуліганстве. У судзе ён гэтага не прызнаў, аднак выбачыўся перад пацярпелымі жанчынамі за хуліганскія дзеянні. У кастрычніку мінскі гарадзкі суд адхіліў скаргу Андрэя Бандарэнкі.
Валер Бандарэнка паведаміў, што пісаў у Дэпартамэнт выканання пакараньняў МУС хадайніцтва, каб сына накіравалі для адбыцьця пакарання ў магілёўскую калонію. Тое, што Андрэя Бандарэнку накіравалі ў бабруйскую калонію, дзе ён адбываў незаконнае асуджэнне ў 2009–2010 гадах і дзе, паводле ягоных словаў, яго катавалі, Валер Бандарэнка лічыць помстай.