Дзе Дзмітрый Завадскі? Адказу дагэтуль няма

Ужо семнаццаць гадоў таму па дарозе ў аэрапорт Мінск-2 пры нявысвятленных абставінах знік журналіст Дзмітрый Завадскі. Яму было 27 гадоў...

07ef48bd_a5fd_4214_a96d_e2ce9cdc4738.jpg


За гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі так і не адказалі на пытанні, хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства, і што насамрэч здарылася з Дзмітрыем.
Па факце знікнення Завадскага была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».
14 сакавіка 2002 года Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі у выкраданні Дзмітрыя Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўленя волі), а таксама беспрацоўнага грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).
Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: маўляў, Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча, якога зімой затрымалі ў Чачне, ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў. Больш таго, у інтэрв'ю Ірыне Халіп для «Новай газеты» «Праўда пра эскадроны смерці» былая жонка Дзмітрыя Святлана Завадская сказала, што ў судзе высветлілася: затрыманне здымаў не Першы канал, а НТБ і зусім іншы аператар. Таксама аказалася, што следчыя перадалі справу ў суд, нават не высветліўшы час і месца злачынства.
Журналіст Павел Шарамет за два дні да пачатку судовага працэсу даў прэс-канферэнцыю ў Маскве, на якой распавёў, што замовіў выкраданне тагачасны генеральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман. Вясной 2000 года ён займаў пасаду кіраўніка Савета Бяспекі і мог быць зацікаўленым у тым, каб знішчыць сведку дзеянняў беларускіх спецслужбаў у Чачні.
27 лістапада 2003 г.ода суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.
20 ліпеня 2004 года на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мае дакументы, якія могуць пераўтварыць справу Завадскага ў  «антысправу». Што ён меў на ўвазе і чаму гэтыя дакументы дагэтуль не апублікаваныя — невядома.
4 жніўня 2004 года маці Дзмітрыя Ольга Завадская звярнулася ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь з заявай аб аднаўленні справы: Ольга Рыгоравна патрабавала правесці пракурорскую праверку інфармацыі, агучанай Лукашэнка. Аднак пракуратура не адрэагавала на яе заяву.
І далей расследаванне па справе аб знікненні Завадскага некалькі разоў аднаўлялася — «у сувязі з наноў адкрытымі абставінамі» — і прыпынялася зноў — са спасылкай на «необнаружение безвестно исчезнувшего лица», аднак выніку не прынесла. 
7 ліпеня 2005 года падчас акцыі "Ланцуг неабыякавых людзей" супрацоўнік АМАП моцна ўдарыў Святлану Завадскую кулаком у твар.


Вясной 2016 года Святлана Завадская як пацярпелая па справе аб знікненні Завадскага двойчы звярталася ў Следчы камітэт з хадайніцтвам пра атрыманне інфармацыі па крымінальнай справе і копій шэрагу працэсуальных дакументаў.
Святлана Завадская прасіла Следчы камітэт паведаміць, ці аднаўлялася папярэдняе расследаванне справы, і калі не — то па якіх прычынах. Таксама яна прасіла выдаць ёй копіі пастаноў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы, вылучэнне матэрыялаў у асобную вытворчасць і прыпыненне вытворчасці па крымінальнай справе. Яна ўказала, што копіі працэсуальных дакументаў ёй неабходныя для абскарджання дзеянняў (бяздзеяння) органа крымінальнага пераследу.
У адказ Святлане Завадскай паведамілі, што вытворчасць па крымінальнай справе прыпыненая, і што закон не прадугледжвае права пацярпелага атрымліваць копіі названых працэсуальных дакументаў.
Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікала прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці не забываць пра справу Завадскага і не даваць забыць яе ўладам да таго часу, пакуль мы даведаемся ўсёй праўды пра гэтае злачынства, пакуль не будуць названыя імёны яго натхняльнікаў і выканаўцаў.  Кампетэнтныя органы павінны правесці поўнае і аб'ектыўнае расследванне абставін знікнення Дзмітрыя Завадскага.