Дзявяты чалавек заявіў пра прэзідэнцкія амбіцыі

Пра намер вылучацца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі аб`явіў яшчэ адзін прэтэндэнт — 39-гадовы мінскі прадпрымальнік Уладзіслаў Цітовіч, удзельнік парламенцкіх выбараў 2012 года.



vybary4.jpg

На сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" Цітовіч размясціў паведамленне пра запіс у сваю ініцыятыўную групу. "Назіраючы за гульнёй улады і апазіцыі, я страціў давер да ўсіх удзельнікаў гэтых гульняў. Я не бачу рэальнага выніку і рэальных дзеянняў. Мы "топчамся на месцы", губляючы перспектывы развіцця. Толькі стаўшы адзінай сілай, мы зможам самі ўплываць на нашу будучыню", — гаворыцца ў заяве прадпрымальніка.
Уладзіслаў Цітовіч нарадзіўся 18 красавіка 1976 года. Заснавальнік і генеральны дырэктар кампаніі Veduus, якая займаецца абслугоўваннем камп`ютарнай тэхнікі. На парламенцкіх выбарах 2012 года ён вылучаўся па Усходняй выбарчай акрузе № 107 у Мінску, аднак у выніку дэпутатам Палаты прадстаўнікоў быў абраны Віталь Бусько, які цяпер узначальвае пастаянную парламенцкую камісію па міжнародных справах.
Усяго на сёння пра свае прэзідэнцкія амбіцыі акрамя Цітовіча аб`явілі восем чалавек: 
Аляксандр Лукашэнка — дзейны кіраўнік дзяржавы;
Таццяна Караткевіч — актывістка грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якая плануе вылучацца ад кааліцыі "Народны рэферэндум"; 
Анатоль Лябедзька — старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі; 
Сяргей Гайдукевіч — старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі;
Сяргей Калякін — старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет";
Юрый Шульган — беспрацоўны, якога падтрымлівае Беларуская партыя "Зялёныя";
Віктар Цярэшчанка — эканаміст, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года;
Юрый Радзькоў — дырэктар кампаніі "Цар-мёд", аўтар міжнароднага праекта "Свет мёду і здароўя".
Акрамя таго, прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур стварылі адзіны аргкамітэт па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітзняволенага Мікалая Статкевіча.
Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка. Цяпер ідзе этап фарміравання ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду.
Паводле БелаПАН