Эксперт пра сустрэчу Ціханоўскай з Байдэнам: У гэтай сустрэчы ёсць не толькі сімвалічнае, але і палітычнае вымярэнне
Якіх непасрэдных наступстваў можна чакаць ад сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам? Якіх зменаў амерыканскай палітыкі можна чакаць у такіх сферах, як санкцыі, дапамога грамадзянскай супольнасці, статусу Ціханоўскай? На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на «Свабодзе» адказвае эксперт Еўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыпламат Павел Слюнькін.
Калі беларускі афіцыёз падкрэсліваў, што з прэзідэнтам Ціханоўская не сустрэлася — гэта было не пазбаўлена рацыі. Сустрэча з прэзідэнтам — гэта сапраўды іншы ўзровень.
Тое, што сустрэча з прэзыдэнтам адбылася напрыканцы візыту Ціханоўскай у ЗША — гэта рэакцыя Белага дому на крытыку друку. Многія амерыканскія медыя адзначалі падчас візіту, што Байдэну варта было прыняць Ціханоўскую.
Для беларускіх дэмакратычных сілаў, для прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай гэтая сустрэча азначае вельмі шмат. У гэтай сустрэчы ёсць не толькі сімвалічнае, але і палітычнае вымярэнне. Да апошняга часу ЗША не праяўлялі належнай актыўнасці, ангажаванасці ў беларускі крызіс. Упершыню за ўсю гісторыю адносінаў Рэспублікі Беларусь і Захаду ЕС браў на сябе ініцыятыву, функцыю галоўнага гульца на беларускім полі.Магчыма, цяпер, пасля сённяшняй сустрэчы амерыканская палітыка стане больш актыўнай.
Сустрэчы Ціханоўскай са шматлікімі прадстаўнікамі розных галінаў улады паказалі, што гэта быў не фармальны візіт. Сустрэчы Ціханоўскай з Макронам і Меркель не надавалі дадатковага дынамізму палітыцы ЕС. А вось сітуацыя з прымусовай пасадкай самалёта і арыштам Пратасевіча дала.
Я не чакаў бы зусім ужо кардынальных зменаў палітыкі. Гэта не той выпадак, што Ціханоўская нешта сказала Байдэну, і ў яго адкрыліся вочы. Байдэн, як і людзі вакол яго, выдатна інфармаваныя аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Пазіцыя па Беларусі выпрацаваная. Магчыма, яна набудзе новыя адценні.
Цалкам магчыма, што ЗША бачаць у сектаральных санкцыях адносна Беларусі пагрозу суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Аргумент наконт таго, што Беларусь стане больш залежнай ад Масквы, іх крыху палохае.
Я не думаю, што мы б мелі іншую пазіцыю ЗША, калі б Святлана вярнулася ў Вільню без сустрэчы з Байдэнам. Аднак магчыма, што пазіцыя ЗША змянілася літаральна ў апошнія дні. І вынікам гэтай змены стала тое, што Байдэн памяняў сваё рашэнне не сустракацца з Ціханоўскай. Самы факт сустрэчы больш важны, чым тое, што на ёй абмяркоўвалася.
[...]
Найбольш імаверны прагрэс у дапамозе грамадзянскай супольнасці Беларусі. У бюджэце ЗША на наступны год прадугледжана павялічэнне гэтай дапамогі ў 3 разы. Магчыма, будуць далучаныя спецыялісты, якія дапамогуць даносіць гэтую дапамогу да адрасатаў з улікам складанасці беларускай сітуацыі.
Калі казаць пра падвышэнне статусу Ціханоўскай, то ў гэтым я, дый каманда Ціханоўскай, не чакае нечага звыш таго, што яна мае. Дастаткова таго, што з ёй сустракаюцца, што да яе прыслухоўваюцца.
З майго пункту гледжання называнне яе прэзідэнтам Ціханоўскай было б нават хутчэй на шкоду, чым на карысць. Тытулаванне прэзідэнтам патрабуе ад цябе нашмат больш вынікаў.
Я мяркую, што сэктаральных санкцыяў мы ад ЗША не ўбачым ці ўбачым у больш асцярожным, чым у ЕС, варыянце. Я б разлічваў на тое, што ЗША будуць спрабаваць неяк уплываць на атачэнне Лукашэнкі.