Гары Паганяйла: Расследаваць справы зніклых палітыкаў трэба на Захадзе

Ці будуць дапытваць тых, чые прозвішчы назваў у сваім інтэрв'ю экс-супрацоўнік САХРа Юрый Гараўскі ў інтэрв'ю «Нямецкай Хвалі», і ці ўзбудзяць у Еўрасаюзе крымінальную справу аб гучных знікненнях, якія 20 гадоў таму здарыліся ў Беларусі?

93dabf4ac5c180c7b9cf39cd999077ad.jpg

Гэтыя пытанні «Беларускі партызан» абмеркаваў з былым суддзёй, у мінулым — вядомым адвакатам Гары Паганяйлам.
— Гары Пятровіч, растлумачце, чаму Следчы камітэт адмовіўся аднавіць расследаванне справы Дзмітрыя Завадскага?
— Справу Завадзкага яны разглядаюць асобна, там быў прысуд у дачыненні да Маліка і Ігнатовіча, якіх абвінавацілі ў выкраданні Дзімы і пазбаўленні яго волі.
— Але справа ў дачыненні да неўстаноўленых асоб, якія забілі Завадскага, была выдзелена ў асобную вытворчасць. І Юрый Гараўскі называе імёны канкрэтных людзей, якія, на яго думку, маглі мець дачыненне да выкрадання і ліквідацыі Дзмітрыя Завадскага. Чаму іх не дапытаць?
— Па ідэі, расследаванне справы Завадскага павінны былі аднавіць, як і справы іншых зьніклых. Таму што па прысудзе не толькі Ігнатовіч і Малік здзейснілі гэтае злачынства, агулам у ім бралі ўдзел шэсць чалавек. І чацвёра з іх не ўстаноўлены.
І калі Гараўскі кажа пра людзей, якія здзейснілі гэтае злачынства, называе вядомыя яму абставіны і дэталі, раней не вядомыя следству, канешне, расследаванне павінна быць адноўлена.
А тое, што Следчы камітэт не аднаўляе расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Завадскага, кажа толькі аб тым, што следства выдатна ведае: ні Малік, ні Ігнатовіч не рабілі гэтага злачынства, яны не маюць дачынення да забойства Завадскага, злачынства здзейснена іншымі асобамі.
Маліку і Ігнатовічу прад'явілі гэта, таму што ў той час кіраўнік дзяржавы патрабаваў тэрміновага расследавання, пагражаў паадрываць нам галовы і гэтак далей. А гэтыя хлопцы не прызналі сваёй віны. Яны абвінавачваліся і ў здзяйсненні іншых злачынстваў — забойстве сям'і Насібавых, там пяць чалавек было, кіраўніка РНЕ Глеба Самойлава і іншых.
Але ні адна з гэтых справаў да гэтага часу так і не расследаваная да канца, і ніхто з вінаватых не прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Атрымліваецца, што ні Ігнатовіч, ні група Дзмітрыя Паўлічэнкі не здзяйснялі гэтых злачынстваў? Дык а хто іх тады здзейсніў ?!
 У пастанове аб прэвентыўным затрыманні Дзмітрыя Паўлічэнкі за подпісам экс-старшыні КДБ Уладзіміра Мацкевіча гаворыцца, што злачынная група пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Паўлічэнкі як раз датычная да ліквідацыі кіраўніка беларускай рэгіянальнай арганізацыі РНЕ Глеба Самойлава.
— Але Паўлічэнка да гэтага часу на свабодзе.
Для мяне асабіста зразумела, што ідзе гульня, што следства фальсіфікавала ўсе гэтыя справы, што іншыя злачынствы, якія здзяйснялі гэтыя асобы, таксама засталіся не раскрытымі, таму што іх здзяйснялі адны і тыя ж асобы.
— Калі ёсць прызнанні Юрыя Гараўскага, значыць, трэба дапытаць тых, чые прозвішчы ён называе.
— Калі следства сур'ёзна возьмецца за гэтую справу, то, ясная справа, ніхто з выканаўцаў маўчаць не будзе. І сам Паўлічэнка, і іншыя фігуранты гэтай гісторыі з трыбухамі здадуць сваіх начальнікаў! Яны не пойдуць пад расстрэльныя справы.
У нас жа смяротнае пакаранне не адмененае, а забойства дзвюх і больш асоб — гэта расстрэл! Таму яны шкуру сваю ратуюць. І самы галоўны начальнік у краіне — ён сёння з'яўляецца гарантам іх бяспекі, і пакуль ён пры ўладзе, нікога з гэтых асоб, якія падазраюцца ў забойствах, не прыцягнуць да адказнасці.
— Але калі справы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага аднавілі, значыць, сведак, пра якія ідзе гаворка, будуць дапытваць. І значыць, яны будуць нешта казаць.
— Я ўпэўнены, што скакаць будуць вакол персоны самога Гараўскага. І вакол таго, што гэтага злачынца Захад не выдае нам. А яго рэальна не выдадуць — на сёння ён асноўны сведка і падазраваны адначасова. І нашы следчыя з нагоды гэтай нявыдачы нагарадзілі такога, што паказанні Гараўскага і яго версія будуць забытыя раз і назаўжды.
— Вы ўпэўненыя, што тых, пра каго вядзе гаворку Гараўскі, не запросяць на допыт?
— Нашы следчыя не будуць іх дапытваць — я ўпэўнены. Таму што калі рэальна і аб'ектыўна весці расследаванне, то будзе даказаная віна Дзмітрыя Паўлічэнкі і тых, хто арганізоўваў і ўдзельнічаў у гэтых злачынствах. А гэта сёння тут нікому не трэба.
Я лічу, што ў Беларусі гэтыя злачынствы не могуць быць аб'ектыўна расследаваныя. Іх трэба расследаваць на Захадзе. І крымінальную справу трэба ўзбуджаць там, дзе сёння знаходзіцца Гараўскі і некаторыя іншыя фігуранты гэтых спраў.
Трэба прыцягваць да адказнасці, збіраць матэрыялы (а іх вельмі шмат!), у тым ліку запытваць афіцыйныя матэрыялы нашых следчых, ацэньваць усё.
І нават калі Рэспубліка Беларусь не выдасць тых, хто ўдзельнічаў у гэтых злачынствах, у Нямеччыну або іншыя краіны, трэба асудзіць Юрыя Гараўскага, стварыць прэцэдэнт, выдаць міжнародныя ордэры на арышты тых, хто вінаваты ў гэтых злачынствах, і такім чынам паволі раскручваць гэтую справу.
У міжнародным праве па справах аб універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі — гаворка ідзе пра злачынствы, учыненыя супраць чалавецтва (а палітычна матываваныя злачынствы, прымяненне катаванняў, пазасудовыя пакаранні смерцю — гэта ўсё падпадае пад гэты артыкул) ёсць прынцып — або асудзіце самі, або выдайце гэтых злачынцаў, каб справу можна было давесці да суда.
Усе ўдзельнікі гэтых злачынстваў павінны сесці на лаву падсудных — пачынаючы ад Віктара Шэймана і заканчваючы апошнім пяхотнікам, які яму капаў, стаяў у ахове. Усе павінны адказаць.
belaruspartisan.by