«Газпром» збяднеў і не хоча дабудоўваць свой цэнтр у Мінску

Штаб-кватэра «Газпрома» ў Беларусі, офісныя будынкі, гатэльны комплекс, кангрэс-цэнтр, спартовы, дзіцячы ды медыцынскі цэнтры, гандлёвая вуліца і зона адпачынку. Будаўніцтва гіганцкага комплексу коштам без малога $ 1 млрд. маюць скончыць праз два гады. Але цяпер гэтая дата — пад пытаннем.


Што праўда, мёртваю будаўнічай пляцоўкі не назавеш: краны рухаюцца, на вялізнай пляцоўцы звонку відаць працу прыблізна двух дзясяткаў работнікаў. Але ўдарных тэмпаў відавочна няма — падобна, што частку працаў сапраўды замарозілі.
«Я пастаянна тут езджу з працы. Ну, тыдзень-два таму я бачыў, што наверсе шмат рабочых было, працавалі і краны маленькія стаялі, працавалі. Цяпер нібыта няма, прыбралі», — распавёў мясцовы жыхар.

Не будуюць, бо Беларусь грошы не аддае?


Паводле крыніцы ў «Газпроме», цэнтральны офіс расейскага манапаліста адмаўляецца фінансаваць будаўніцтва, патрабуючы, каб Менск спярша выплаціў запазычанасць, якая ўзнікла праз тое, што з пачатку года ён аплочвае блакітнае паліва не за кантрактны кошт, а за той, які лічыць справядлівым — прыблізна на 40 % ніжэйшы. Паводле медыяў, недаплата за паўгода складае ўжо прыблізна $ 300 млн. — траціну ад кошту праекту.
«На мой погляд гэта звязана з фінансавымі праблемамі Газпрому перадусім. Апошнія паўтара году ў інвестыцыйнай палітыцы гэтай кампаніі былі змены, звязаныя з пагаршэннем грашовых патокаў», – мяркуе Леанід Фрыдкін, шэф-рэдактар «Экономической газеты».
10 дзён таму выданне «Камерсант» паведаміла, што бакі нібыта дамовіліся на кампраміснай формуле цаны за газ для Беларусі. Яе маюць пераразлічыць у расейскія рублі і, за кошт гэтага, цана знізіцца прыблізна на чвэрць. Міністэрства энергетыкі Беларусі затым заявіла, што перамовы працягваюцца, «Газпром» сказаў, што чакае пастановы свайго ўраду, а віцэ-прэмʼер Расеі пазней заявіў, што тамтэйшы Кабінет міністраў нават яшчэ не выстаўляў сваіх контрпрапаноў Беларусі, прынцыпова чакаючы, каб спярша яна заплаціла пазыку за газ.
«Ёсць прапановы беларускага боку, мы сваіх прапановаў пакуль нават не высунулі. Увогуле, пакуль Беларусь не заплаціла, наўрад ці нешта можа быць», – паведаміў Аркадзь Дварковіч, віцэ-прэмʼер РФ.

Не заплацілі за газ, не атрымаеце і нафты


Між тым, міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак Заявіў, што пакуль Беларусь не заплаціла запазычанасці за газ, Расея будзе пастаўляць нафту, сыходзячы з абʼёму 18 мільёнаў тон за год, а не 23, як планавалі раней. Яшчэ раней Дварковіч забараніў пастаўкі ў Беларусь нафтапрадуктаў, якія нашая краіна рээкспартавала пад выглядам бітумных сумесяў, атрымліваючы з гэта істотныя прыбыткі.
«Дапусцім ад змены формулы на газ паводле падлікаў некаторых адмыслоўцаў мы можам выйграць $ 300 млн. у гэтым годзе і прыблізна $ 500 млн. у наступным, то скарачэнне паставак нафты прывядзе да страты прыблізна $ 600-800 млн», — упэўнены Леанід Фрыдкін.
Спрэчка за газ распачалася праз падзенне сусветных коштаў на блакітнае паліва. У выніку формула цаны для Беларусі, што прадугледжвае мінімальную нацэнку і, у свой час, здавалася выгоднаю, прыблізілася да еўрапейскай. Расея ж пастаўкі на ўнутраны рынак субсідуе.
Афіцыйны Менск абураецца, што гэта ставіць расейскіх вытворцаў у несправядліва выгоднае становішча ў параўнанні з беларускімі і патрабуе аднолькавых умоваў. Расея пагаджаецца ўвесці агульную формулу на газ для краінаў Еўразійскага саюзу толькі з 2025-га года.
Паводле belsat.eu