Гэй, спадар/таварыш міністр! БелАЭС як ілюстрацыя эфектыўнасці інавацыйных намаганняў дзяржавы

Дэдукцыя — пераход ад агульнага да прыватнага ў працэсе развагаў. Дэдуктыўны метад Шэрлака Холмса — пошук злачынцаў на падставе аналізу карціны здарэння.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


У якасці прыватнага ў гэтым маім опусе будзе выступаць сярэднетэрміновая перспектыва развіцця/дэградацыі «беларускай мадэлі». У якасці агульнага — эканамічныя законы, якія, у сваю чаргу, будуць «вынайдзеныя» пры дапамозе індукцыі, г.зн. шляхам абагульнення вынікаў двух абстрактных прыкладаў.

Прыклад 1

У адной вялікай-вялікай вёсцы, хатаў недзе на тысячу, жыў сабе майстар Васіль. Ён вырабляў вазы. Працаваў Васіль адзін, без памагатых, ды вырабляў адзін воз на месяц. Гэтага хапала, каб аднавяскоўцы не мелі дэфіцыту вазоў.
У Васіля быў сын Стась — студэнт эканамічнага факультэта БДУ. Хлопец начытаўся Адама Сміта і прапанаваў бацьку наняць работніка, які б рабіў колы, што дазволіла б бацьку спецыялізавацца выключна на вырабе кузава і аглабель. Вынікам падзелу працы была б вытворчасць не аднаго-двух, а трох вазоў на месяц.
Аднак Васіль такую выгадную на першы погляд прапанову адхіліў. Ён ішоў ад жыцця, а не ад кнігі заснавальніка эканамічнай навукі «Даследаванне аб прыродзе і прычынах багацця народаў» (1776 г.). «У мяне чарга за вазамі не стаіць, куды я дадатковыя вазы дзену?» — растлумачыў майстар.
Падзел працы павышае прадукцыйнасць, што вядзе да павелічэння вытворчасці тавараў. Гэта сапраўды так. Аднак гэта яшчэ не ўся праўда. Без пашырэння рынку збыту, павелічэнне вытворчасці не мае сэнсу. Чалавеку савецкаму, сфарміраванаму ва ўмовах татальнага дэфіцыту, зразумець такую азбукавую ісціну няпроста.

Прыклад 2

Расійскі сярэднемагістральны пасажырскі самалёт Sukhoi Superjet 100 на 70 працэнтаў складаецца з імпартных камплектуючых, што ніяк не адбіваецца на ўзроўні яго канкурэнтаздольнасці.
Аднак не варта паблажліва ўсміхацца наконт 70 працэнтаў. Айфоны Apple — гэта вынік кааперацыі некалькіх дзясяткаў высокатэхналагічных кампаній з трох кантынентаў. Нікому пры гэтым не прыходзіць у галаву кідаць камяні ў агарод амерыканскай карпарацыі.
Уявіце на хвіліну прадпрымальніка-патрыёта, які вырашыў арганізаваць вытворчасці самалётаў класа Sukhoi Superjet 100, чый патрыятызм выяўляецца ў імкненні мінімізаваць імпарт камплектуючых.
Я нічога не разумею ў самалётабудаванні, але думаю, што вытворчасць не менш за ста машын на год варта лічыць буйнасерыйнай. Такім чынам, наш прадпрымальнік-патрыёт можа разлічваць на салідную эканомію на маштабе вытворчасці.
Самалёт складаецца з асобных вузлоў. Датчык хуткасці — адзін з іх. Вытворчасць ста самалётаў варта прызнаць буйнасерыйнай. А вытворчасці ста датчыкаў (ці хай нават двухсот з улікам неабходнасці дублявання)?
Нескладана здагадацца, да чаго прывядзе патрыятызм прадпрымальніка. Тое, што з боку здавалася буйнасерыйнай вытворчасцю, на справе акажацца сумай саматужных вытворчасцяў. Эканоміі на маштабе не атрымаецца. Нават пры ўмове поўнай адпаведнасці сусветным стандартам паводле лётных характарыстык, ахвочых купляць «залаты» самалёт не знойдзецца нават сярод арабскіх шэйхаў.

Самы час згадаць пра дзяржаву

Хочаш жыць — умей круціцца, кажа прыказка. Аднак у наш час шпарка круціцца недастаткова. З вялікага паспеху наробіш смеху. Яшчэ адна прыказка. Як гаварыў Гегель, «ёсць людзі, якія ўзбуджэнне прымаюць за натхненне, напружанне — за працу, а стомленасць — за вынік».
Мэта сучаснага кручэння — убудавацца ў міжнародныя ланцужкі падзелу працы. Убудаваўся — малайчына! Добры хлопчык! Зразумела, што канчатковы вынік ад убудавання Васіля і ўладальніка буйной кампаніі будзе значна адрознівацца.
Вось тут самы час прыгадаць пра дзяржаву. Паводле аднаго з бацькоў-заснавальнікаў паліталогіі Макса Вебера, «дзяржава — гэта арганізацыя, якая працяглы час у межах пэўнай тэрыторыі ўтрымлівае манаполію легітымнага гвалту і якая ажыццяўляе рэгуляванне гаспадарчага жыцця на гэтай тэрыторыі».
Што тычыцца беларускай «дзяржавы для народа», то яе здольнасць ужываць гвалт сумневаў не выклікае, аднак жа з рэгуляваннем гаспадарчага жыцця пастаянна ўзнікаюць праблемы.
Унутры «беларускай мадэлі» родная дзяржава спрабуе рэгуляваць усё, што яшчэ варушыцца. Стомленасць — не адзіны вынік ад гэтай дзейнасці. На жаль, рэгуляваннем справа не абмяжоўваецца. Хай і не ў савецкім маштабе, аднак жа дзяржава ў асобе чыноўнікаў спрабуе падмяняць сабой прадпрымальнікаў.
Вынік такой дзейнасці можна праілюстраваць на прыкладзе БелАЭС — самага маштабнага дзяржаўнага інвестыцыйнага праекта.
У эфіры тэлеканала «Беларусь 1» міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч адрапартаваў пра першае дасягненне: «За год станцыя выпрацавала 4,6 мільярда кВт/г электраэнергіі і замясціла 1,3 мільярда кубаметраў газу».Мірны атам замяніў газ. І што мне і маёй сям’і з таго? Адкрываю Пасланне-2011: «Вырабленая на АЭС электраэнергія на 50% танней выпрацаванай на газавай ЦЭЦ».
Прызнаюся, у першы год працы атамнай станцыі я на такое істотнае зніжэнне кошту электраэнергіі і не разлічваў. У працу ўведзены толькі першы блок. І тым не менш, якія найбліжэйшыя перспектывы? Гэй, спадар/таварыш міністр!

Адчайвацца не варта

Імперыялістычныя войны, калі пагадзіцца з савецкімі падручнікамі, не ў апошнюю чаргу вяліся за рынкі збыту. Спецыялісты сцвярджаюць, што адным з галоўных фактараў, якія стрымліваюць рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у СССР, з’яўлялася абмежаванасць унутранага рынку. Прыгадаем праблему Васіля.
Гэтая праблема маячыць і перад БелАЭС. Да выключна эканамічнай яе не аднесці. Зноў звярнуся да прыказкі: «Лепш сто сяброў, чым сто рублёў». Рублямі «наша Расія» шчодра субсідуе беларускую мадэль, аднак на поспех можна разлічваць толькі тады, калі «нашымі» стануць Польшча, Літва і далей па спісе.
Стварэнне ўмоў для прыцягнення ў краіну сяброў/партнёраў — найважнейшая задача сучасных дзяржаў. Як з гэтай задачай спраўляецца беларуская дзяржава — не мне вам распавядаць. Замест таго, каб дапамагаць айчынным прадпрымальнікам убудоўвацца ў ланцужкі падзелу працы, яна генеруе падставы для ўвядзення чарговых санкцый, гэта раздзірае нават тыя сувязі, што склаліся раней.
Адмова канцэрна Rolls-Royce пастаўляць БелАЗу сілавыя агрэгаты — толькі адзін з прыкладаў «дасягненняў» такога кшталту за апошні час. Аднак адчайвацца не варта. Калі БелАЗ спыніцца, то ў Васіля з’явіцца падстава наняць работніка.