ГУР Украіны: Расія рыхтавала ўварванне ў Беларусь на фоне пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў

Расія рыхтавала поўнамаштабнае ваеннае ўварванне ў Беларусь на фоне масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, якія праходзілі ў краіне ў 2020 годзе.

upload_ap_20236466363120_pic4_zoom_1500x1500_8962.jpg


Пра гэта гаворыцца ў дакументах, агучаных Галоўным упраўленнем выведкі Мінабароны Украіны.

У прыватнасці, у дакуменце пад назвай «Легенда да задумы на перагрупоўку злучэнняў і воінскіх частак 1 танкавай арміі ў раён выканання задачы» чорным па белым напісана, што ўварванне ў Беларусь планавалася, каб не дапусціць уцягванне Расіі «ў Еўрапейскім кантынентальным раёне ў рэгіянальную або шырокамаштабную вайну з краінамі — чальцамі NATO на Захадзе», піша АФН.

«Праціўнік у мэтах стварэння спрыяльных умоў для правядзення аперацыі па захопу тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выхаду да заходняй мяжы Расійскай Федэрацыі праводзіць шырокамаштабную інфармацыйную кампанію, накіраваную на фарміраванне ў заходнім грамадстве адзіных поглядаў і поўнай падтрымкі дзеяння кіраўніцтва па гвалтоўнай змене рэжыму Беларусі, “аказанні дапамогі еўрапейскаму рэгіёну Расіі” і яго вываду з-пад юрысдыкцыі Масквы ў сувязі з правядзеннем нелегітымных выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — сказана ў дакуменце.

«У выпадку немагчымасці прадухіліць пашырэнне маштабу ўзброеных канфліктаў Расійская Федэрацыя можа быць уцягнутая ў Еўрапейскім кантынентальным раёне ў рэгіянальную або шырокамаштабную вайну з краінамі — чальцамі NATO на Захадзе», — гаворыцца ў дакуменце.

«...Пры далейшай эскалацыі абстаноўкі (пратэснай сітуацыі ў РБ — Рэд.) найбольш верагодны сцэнар, пры якім прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуцца па ваенную дапамогу да Расійскай Федэрацыі», — ёсць у дакуменце і такія расклады.

Нагадаем, што раней Пуцін прызнаў фармаванне «рэзерву Расгвардыі» ў памежных з Беларуссю абласцях Расіі, якія б «дапамаглі ўрэгуляваць сітуацыю», калі б дэманстранты ў Беларусі перайшлі «чырвоныя рысы».