Ні бяспекі, ні экалагічнасці. З-за санкцый у РФ будуць выпускаць спрошчаныя аўтамабілі

У Расіі дазволены выпуск аўтамабіляў з нізкімі нормамі экалогіі і бяспекі. Так званыя спрошчаныя аўтамабілі пачнуць выпускаць з 25 красавіка.

plib50_thumb.jpg

Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі змяніў тэхнічныя патрабаванні да выпуску аўтамабіляў. Згодна з дакументам, да лютага 2023 года Расія (і іншыя краіны, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз) зможа ўсталёўваць уласныя патрабаванні да аўтамабіляў.

"Да 1 лютага 2023 года дапускаецца ўстанаўленне і прымяненне абавязковых патрабаванняў у дачыненні да асобных колавых транспартных сродкаў, якія вырабляюцца на тэрыторыях дзяржаў-членаў ЕАЭС, а таксама правядзенне ацэнкі адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі дзяржаў-членаў або ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржаў-членаў», — гаворыцца ў тэксце рашэння Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Сэнс гэтых новаўвядзенняў — даць магчымасць аўтакампаніям працаваць з так званымі “альтэрнатыўнымі камплектуючымі”, таму што пастаўкі арыгінальных значна ўскладніліся або зусім спыніліся. Гаворка можа ісці і пра неарыгінальныя запчасткі. Наўпрост аб магчымых заменах аўтакампаніі не гавораць.

У той жа час ездзіць на такіх машынах па тэрыторыі іншых краін ЕАЭС — Кыргызстан, Арменія, Беларусь і Казахстан — можна будзе толькі пры заключэнні двухбаковага пагаднення. Таксама ў пасведчанні аб рэгістрацыі будзе адзначана, што машына выпушчаная ў асабліва спрошчаным парадку.

Паводле  "Белорусы и рынок"