«Неаднаразова дэманстраваў прыярытэт сваіх поглядаў перад дзяржаўнымі інтарэсамі»

З нагоды прызначэння новага міністра адукацыі Партыя БНФ праняла адмысловую заяву.

Фота: Аляксей Калеснікаў, minsknews.by

Фота: Аляксей Калеснікаў, minsknews.by

У дакуменце, у прыватнасці, адзначаецца:

“Улічваючы, што ў сучаснай сістэме дзяржаўнай улады ў Беларусі ўплыў міністра на змест ды ідэалагічную сутнасць адукацыі ў краіне, — ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі, — з’яўляецца вызначальным, мы маем сур’ёзныя сумневы ў тым, што дзейнасць гэтага міністра, згодна з яго ж публічнымі заявамі цалкам адданага марксісцка-ленінскай ідэалогіі, будзе адпавядаць палажэнням артыкулу 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян”.

У заяве сцвярджаецца, што Ігар Карпенка “неаднаразова дэманстраваў прыярытэт сваіх ідэалагічных поглядаў перад дзяржаўнымі інтарэсамі Рэспублікі Беларусь, а менавіта: шматкроць не дазваляў акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, беларускай мовы ды культуры, а таксама ў падтрымку міру ды тэрытарыяльнай цэласнасці Ўкраіны; асабіста абараняў захаванне ў тапаніміцы гораду Менску вузкапартыйных камуністычных назваў цэнтральных вуліцаў — Камуністычнай, Камсамольскай, Маркса, Леніна і г.д.; у той жа час блакаваліся ініцыятывы па наданні імя Васіля Быкава вуліцам у Менску;  сярэднія навучальныя ўстановы былі вымушаныя падпісвацца на газету “Коммунист Беларуси”, якая з’яўляецца органам КПБ спадара Карпенкі;  пры асабістым удзеле і па ініцыятыве сп. Карпенкі адбылося ўсталяванне помніка Леніну насупраць прахадной Менскага трактарнага заводу; ён жа ініцыяваў кампанію па забароне выкарыстання беларускай лацінкі ў надпісах у Мінскім метрапалітэне".

“Партыя БНФ просіць Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і іншыя дзяржаўныя органы, якія маюць паўнамоцтвы на ўнясенне прапаноў у Канстутуцыйны Суд па праверцы канстытуцыйнасці актаў, унесці ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь пытанне аб правамернасці прызначэння І. В. Карпенкі міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь у сувязі з магчымай супярэчнасцю гэтага прызначэння артыкулу 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, — адзначаецца ў заяве Партыі БНФ.

Заяву падпісалі старшыня партыі Аляксей Янукевіч, а таксама яго намеснікі Рыгор Кастусёў, Вольга Лагвіновіч, Ігар Лялькоў і Аляксандр Стральцоў

Паводле прэс-рэліза