Ірак дамовіўся з Літвой аб перавозцы мігрантаў з літоўска-беларускай мяжы ў Вільню
Дэлегацыя Міністэрства міграцыі і перамешчаных асобаў Ірака наведала лагеры для мігрантаў на літоўска-беларускай мяжы, адзначае «Свабода».
Чыноўнікі дамовіліся з Літвой аб перавозцы людзей у Вільню, паведамляе прэс-служба ведамства.
Міністэрская дэлегацыя з Ірака правяла сустрэчы з намеснікамі міністра замежных спраў і міністра ўнутраных спраў Літвы, кіраўніцтвам літоўскай памежнай службы, а таксама з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый і агенцтваў ААН. Згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі, мігрантаў у Вільні забяспечаць жыллём, а таксама ўсім неабходным для пражывання.
«Дэлегацыя таксама пагадзілася з літоўскім бокам павялічыць фінансавую дапамогу для жадаючых добраахвотна вярнуцца ў Ірак з 300 да 1000 еўра», — гаворыцца ў матэрыяле прэс-службы Міністэрства міграцыі.
На падвышаную выплату могуць разлічваць людзі, якія ўжо знаходзяцца ў Літве і добраахвотна пакінуць яе да 20 студзеня 2022 года.