Як расійская смута можа зачапіць Лукашэнку? Меркаванне Валерыя Карбалевіча

Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін назваў выступ ПВК «Вагнэр» і захоп Растова «мяцяжом». Мяцеж у тыле падчас вайны — прыкмета палітычнага крызысу для любой краіны ў любую эпоху, піша палітолаг Валерый Карбалевіч ў калонцы на «Свабодзе».

Фота ТАС

Фота ТАС

Мяцеж прыватнай вайсковай кампанія (ПВК) «Вагнэр» на чале зь Яўгеніем Прыгожыным стаў знакавай падзеяй. Пэрыядычныя відэазвароты ды інтэрвію гаспадара кампаніі, ягоныя закіды супраць Міністэрства абароны РФ лягічна перацяклі ў практычныя дзеяньні. Бо калі словы не падмацоўваюцца справамі, то атамана перастануць паважаць. Кажучы звыклымі для сёньняшняй Расеі словамі, «пацан сказаў — пацан зрабіў».

Апошнія падзеі цалкам пацьвярджаюць высновы аналітыкаў, што няўдалая вайна ў Расеі, як правіла, заканчвалася смутай. І чым далей яна зацягваецца, чым больш паразаў, тым большая імавернасьць забурэньняў.

І яшчэ адна важная выснова. Прыватнае войска ў эпоху цэнтралізаваных дзяржаваў і цэнтралізаваных армій — гэта аб’ектыўная аснова і падстава для ўнутранага канфлікту падчас ваенных дзеяньняў. Што мы і назіралі ўвесь час вайны.

Найбольш імаверна, што цяперашні ўзброены выступ Прыгожына будзе задушаны. І рэч тут ня столькі ў суадносінах чыста вайсковых сілаў. ПВК супрацьстаіць усёй вайсковай машыне дзяржавы.

Рэч у тым, што Прыгожын ня можа разьлічваць на масавую падтрымку расейскай грамадзкасьці. Сваім выступам супраць кіраўніцтва дзяржавы ён адштурхнуў ад сябе радыкальных імпэрцаў, якія заклікаюць весьці вайну да пераможнага канца. Бо смута падчас баявых дзеяньняў — шлях да паразы. Праціўнікаў вайны ён таксама наўрад ці прыцягне, бо запэцканы ў гэтай вайне як ніхто іншы. Мяцеж Прыгожына, так бы мовіць, «безыдэйны».


Глядзіце таксама

Бо за што ён выступае з гледзішча абываталя? Ён даводзіць, што вайсковае кіраўніцтва Расеі бяздарнае, карумпаванае, ні на што ня здольнае і інш. Бо не дае снарадаў. Ня робіць рашучых крокаў. Не дамагаецца посьпеху на фронце. Тут няма зразумелага для грамадзтва ідэйна-палітычнага падмурку. У гэтым яго адрозьненьне ад «карнілаўскага мяцяжу» 1917 году ці «ГКЧП» 1991 году.

Тым ня менш, чым бы ні скончыўся гэты эпізод, ён будзе мець наступствы. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў выступ ПВК і захоп Растова «мяцяжом». Мяцеж у тыле падчас вайны — прыкмета палітычнага крызысу для любой краіны ў любую эпоху. Гэта вядзе да дэмаралізацыі грамадзтва і войска.

Верагодна, мяцеж Прыгожына стане моцным чыньнікам інтэнцыі Крамля закончыць вайну.

Раніцай 24 чэрвеня Ўладзімір Пуцін пазваніў Аляксандру Лукашэнку. І тут цікавае параўнаньне. У жніўні–верасьні 2020 году ўладар Беларусі рэгулярна тэлефанаваў у Крэмль, прасіў аб дапамозе. Пуцін тады абяцаў прыслаць «Расгвардыю». Цяпер, калі прыпякло, прэзыдэнт РФ тэлефануе Лукашэнку (чаму ня Сі Цзіньпіну?). Каб атрымаць маральную падтрымку ці прасіць пра вайсковую дапамогу для ліквідацыі мяцяжу?

З псыхалягічнага гледзішча Лукашэнку гэта, відаць, прыемна. Бо ўсе памятаюць, як у верасьні 2020 году ў Сочы Лукашэнка сядзеў перад тэлекамэрамі ў паставе просьбіта. Цяпер ён атрымаў невялікую маральную кампэнсацыю.

Але, агулам кажучы, мяцеж Прыгожына — гэта ўдар і па рэжыме Лукашэнкі. Бо ён паставіў усё на перамогу Расеі ў вайне супраць Украіны, склаў усе яйкі ў адзін кошык. Шмат разоў запэўніваў сваё атачэньне, што Расея ня можа прайграць, бо яна, маўляў, магутная і непераможная. А тут высьвятляецца, што сьцяна гнілая, піхні — і разваліцца.

Зь мяцяжу Прыгожына вынікае яшчэ адна важная выснова для Лукашэнкі. Падчас вострага крызысу, якім ёсьць вайна, даваць зброю нейкім аўтаномным структурам кшталту тэрытарыяльнай абароны ці «народнага апалчэньня» небясьпечна для рэжыму. Бо невядома, супраць каго яна ў выніку можа быць павернута.