«Яны прайгралі», – былы следчы Алег Воўчак пра заявы Паўлічэнкі і ветэранаў спецназу
Былы следчы пракуратуры Алег Воўчак лічыць, што заява на сайце асацыяцыі ветэранаў спецназу «Честь» старшыні асацыяцыі Дзмітрыя Паўлічэнкі, а таксама зварот ад імя асацыяцыі наконт сведчанняў Юрыя Гараўскага не паўплываюць на грамадскую думку і на заходніх палітыкаў, паведамляе Радыё Свабода.
«Ужо працэс запушчаны, Юрыя дапытваюць, ён дае паказанні. Узнікае пытанне: чаму яны адразу не выступілі з такімі заявамі? Яны проста апраўдваюцца. Трэба было нешта прыдумаць. Ужо больш за два мільёны чалавек паглядзелі фільм і грамадская думка склалася. Яны прайгралі, бо ад пачатку трэба было рабіць заяву пракурору ці старшыню Следчага камітэту, праўда ці няпраўда тое, што заявіў Юры Гараўскі», – сказаў карэспандэнту Свабоды Алег Воўчак.
Ён сумняваецца, што генеральны пракурор праверыць усе матэрыялы журналістаў і праваабаронцаў што да забойстваў апанентаў Лукашэнкі.
«Гэта ўдарыла па іміджы СОБРу, спецслужбаў, і ім трэба было неяк выкручвацца, прымаць нейкую заяву. Ідзе запужванне СМІ і праваабаронцаў, каб мы не падымалі гэтую тэму. Не выключаю, што і надалей будуць выходзіць такія заявы. Гэта сурʼёзная пляма. Таму яны проста хочуць зганьбаваць гонар і годнасць Гараўскага, паказаць, што ён злачынца, дрэнны работнік», – кажа Воўчак.
Воўчак згадвае, што калі ў 2001 годзе былі заявы былых следчых пракуратуры Дзмітрыя Петрушкевіча і Алега Случака пра датычнасць буйных чыноўнікаў да знікненняў апазіцыянераў, улады намагаліся нешта знайсці супраць іх, але марна. Гэтак і супраць Гараўскага – «няма нічога сурʼёзнага».
У заяве ветэранаў сказана, што ў канцы 1999 году Гараўскі быў затрыманы за вымаганне ў цывільных асобаў буйной сумы грошай спосабам, небяспечным для жыцця. Вайсковы трыбунал асудзіў яго на чатыры гады пазбаўлення волі, ён адбываў пакаранне ў менскім СІЗА.
Алег Воўчак кажа, што Юры Гараўскі раней у інтэрвʼю прызнаў, што крымінальная справа была і што прысуд вынесены ў 2001 годзе.
«Ён жа не адмаўляе, што дзейнічаў тады на даручэнне Паўлічэнкі», – сказаў Алег Воўчак.
Паводле Алега Воўчака, Гараўскі «шмат што ведае, і ён можа загаварыць пра іншыя эпізоды, і, магчыма, ім мала ня здасца, вось чаго яны баяцца».
«Ім трэба было адрэагаваць, добра што яшчэ не зрабілі яго закаранелым злачынцам. Яны могуць заднім чыслом напісаць што заўгодна. Хто тут будзе правяраць? Гэта нікому не цікава. Гараўскага ўжо даўно праверылі і з ім працуюць», – кажа Воўчак.