Яшчэ аднаго ЛГБТ-актывіста распранулі на мяжы
Адзін з лідараў праваабарончага праекта "ГейБеларусь" Аляксей Кулік вяртаўся ў Мінск на цягніку з Кіева. Прыкладна ў 4 раніцы 21 траўня яго знялі з цягніка пры перасячэнні ўкраінска-беларускай мяжы, на станцыі Цяруха.
Аляксей Кулік прабыў у зале мытнага надгляду з 4 да 7 раніцы, хоць у акце пра правядзенне асабістага надгляду паказана, што працэдура доўжылася ўсяго 15 хвілін.
Падчас асабістага мытнага надгляду актывіста папрасілі паказаць багаж, тое, што было на наўтбуку і флэшцы, а таксама распрануцца да бялізны. Праўда, у пошуках "забароненых для перасоўвання рэчаў" мытнікі пайшлі яшчэ далей, папрасілі прыспусціць бялізну 23-летняга ЛГБТ-актывіста.
Ні заходніх грантаў, ні наркотыкаў, ні зброі, ні іншых забароненых для перамяшчэння праз дзяржаўную мяжу прадметаў выяўлена не было.
Канфіскоўваць пашпарт, як гэта рабілі пры надглядзе лідара "ГейБеларусі" Сяргея Андросенкі ў студзені і сакавіку гэтага года, не сталі.
Афіцыйным чыннікам асабістага мытнага надгляду назвалі супадзенне, маўляў, тыя, хто часта ездзяць праз мяжу, перыядычна праходзяць падобную працэдуру. Таксама актывіста папярэдзілі пра магчымую паўторную падобную працэдуру, калі ён будзе перасякаць дзяржаўную мяжу.
У асабістай гутарцы адзін з мытнікаў сказаў, што не ведае, за якую правіннасць памежнікі знялі з цягніка маладога чалавека.
GayBelarus.By