ЕС і ЗША павінны заставацца прыхільнікамі жорсткай лініі ў дачыненні да Беларусі, лічыць кіраўнік Freedom House Дэвід Крамер

Еўрасаюз і ЗША павінны заставацца прыхільнікамі жорсткай лініі ў дачыненні да Беларусі. Такое меркаванне ў інтэрв'ю радыёстанцыі "Голас Амерыкі" выказаў кіраўнік праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэвід Крамер.



kramer.jpg

"Некаторыя на Захадзе лічаць, што палітыка санкцый правалілася, аднак сапраўдная прычына, з-за якой санкцыі не аказалі належнага ўплыву, тоіцца ў тым, што ў лістападзе 2011 года Расія выратавала Лукашэнку шматмільярдным крэдытам, — сказаў Крамер. — Тым не менш мы не павінны адмаўляцца ад жорсткіх санкцый, а еўрапейскім дзяржавам варта перагледзець сваю палітыку з Беларуссю".


Ён адзначыў, што аб'ём тавараабароту паміж ЕС і Беларуссю павялічваецца, што азначае, што "гэтыя грошы падтрымліваюць Лукашэнку". "Нам трэба і надалей аказваць націск, бо гэта адзіная мова, якую ён разумее. Я спадзяюся, што Еўрасаюз і Злучаныя Штаты працягнуць гэтую палітыку, як працягнуць падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і апазіцыю ў Беларусі, паколькі гэта вельмі важна для атрымання інфармацыі з краіны", — падкрэсліў Крамер. Таццяна Каравянкова, БелаПАН