Еўракамісія: Шэнгенскія візы для беларусаў могуць патаннець
Кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў можа быць зменшаны, тэрмін іх выдачы скарочаны да 10 дзён, а працэдура атрымання спрошчаная.
«Беларусь афіцыйна адказала на запрашэнне пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС. Дамоўленасці, падпісаныя ў выніку гэтых перамоваў, могуць падразумяваць зніжэнне кошту візы
для ўсіх беларусаў і адмену платы за іх атрыманне для некаторых катэгорый грамадзян», - гаворыцца ў адказе кіраўніка візавага аддзела Генеральнага дырэктарата ўнутраных спраў Еўрапейскай
камісіі Яна дэ Чэстэра на зварот беларускіх грамадзянскіх арганізацый з заклікам спрасціць візавы рэжым.
Акрамя таго, у сваім адказе Ян дэ Чэстэр паведаміў, што працэдура атрымання кароткачасовых візаў можа быць спрошчаная, тэрмін іх выдачы скарочаны да 10 дзён, а крытэры, па якіх будуць выдавацца
шматразовыя візы дзеяннем больш за год, будуць выразна вызначаныя.
«Еўрапейская камісія надае вялікую ўвагу таму, каб беларускія грамадзяне маглі карыстацца выгодамі спрошчаных працэдур атрымання шэнгенскіх візаў у рамках Візавага кодэкса. Гэта ўключае
магчымасць змяншэння платы за візы для некаторых катэгорый грамадзян», - гаворыцца ў лісце дэ Чэстэра.
Паводле інфармацыі Еўракамісіі, 47% віз, выдадзеных беларусам у мінулым годзе, былі шматразовымі, а 31,1% усіх віз, выдадзеных беларускім грамадзянам, былі бясплатнымі, што амаль на 2% больш,
чым у 2012 годзе.
Перамовы аб спрашчэнні візавых працэдур і пытаннях рэадмісіі правяла ў канцы студзеня ў ходзе рабочага візіту ў Брусэль намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.
«Цэнтральным элементам візіту спадарыні Купчынай стаў афіцыйны пачатак перамоваў
паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскай камісіяй па пагадненнях аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадміссіі», - паведамілі тады агенцтву «Інтэрфакс» у прэс-службе міністэрства замежных
спраў.