Каардынацыйная Рада спрабавала выйсці на кантакт з уладай. Пакуль адказу няма
У Мінску адбылося першае пасяджэнне Каардынацыйнага савета, на якім была прынятая рэзалюцыя. Савет паспрабаваў усталяваць кантакт з адміністрацыяй прэзідэнта, але пакуль адказу не было.
Адзін з сябраў Прэзідыўма Каардынацыйнай рады Павел Латушка заявіў, што яны ўжо тэлефанавалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб паведаміць аб мэтах і задачах Рады.
— Сёння ў нас была першая спроба ўсталяваць тэлефонны кантакт з высокімі прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, каб праінфармаваць аб рэальных мэтах і задачах, ставіць перад сабой Каардынацыйная Рада, чым тыя, якія агучваюцца ў дзяржСМІ. Пакуль адказу не было, — распавёў Павел Латушка.
Экс-дырэктар Купалаўскага тэатра адзначыў, што рада бачыла рэакцыю Еўрасаюза і Расіі на выбары ў Беларусі. Але, як лічыць Латушка, ідэальным варыянтам будзе, калі перамовы па транзіце ўлады будуць праходзіць без умяшання знешніх сіл, а толькі паміж грамадствам і ўладай Беларусі.
— Мы, вядома, заўважылі рэакцыю Еўрасаюза, якая сёння была агучана праз кіраўнікоў краін ЕС і кіраўніка МЗС РФ. Галоўнае — непрызнанне выбараў, увядзенне санкцый. Рэакцыю Расіі, якую агучыў міністр замежных спраў, які сказаў, што выбары прайшлі неідэальна, мы таксама заўважылі. Як раз расійскі бок заклікаў нас [з беларускай уладай] да дыялогу. Мы не аднойчы гэта падкрэслівалі, мы не раз прапаноўвалі такі дыялог [з беларускай уладай]. Што тычыцца наогул сённяшняй праблемы, мы лічым, што яна павінна быць вырашана ўнутры Беларусі, мы павінны самастойна вырашаць свой лёс. Калі перамовы будуць праходзіць па лініі грамадства-улада — гэта самы ідэальны варыянт, — заявіў Павел Латушка.
Варыянт, калі ўлада не пойдзе на дыялог, у Радзе дапускаюць, але чакаюць, што афіцыйны Мінск усё ж пагодзіцца на дыялог для вырашэння палітычнага крызісу ў краіне. Сябры Каардынацыйнай рады таксама яшчэ раз падкрэслілі, што ніякай праграмы, пра якую пішуць некаторыя СМІ, у Рады няма.
Паводле tut.by