«Калі ты не выканаеш мой любы ўказ, на цябе надзенуць кайданкі». Юрый Захаранка пра стыль кіраўніцтва Лукашэнкі

Свежы запіс у youtube прапануе ўспомніць словы былога міністра ўнутраных спраў пра метады беларускай улады. Здаецца, яны не надта змяніліся за дваццаць гадоў.

«Я пачаў азірацца на гэтую сітуацыю — што мы не туды ідзем — ужо на другім паўгоддзі яго знаходжання на пасадзе, — распавядае Юрый Захаранка. — Я спрабаваў ўсяляк паўплываць на прэзідэнта. Напэўна, я застаўся адзін з нямногіх, хто казаў яму праўду. Тую нядобрую праўду, якая біла па самалюбстве прэзідэнта. Але я яе казаў.

Калі мы размаўлялі з прэзідэнтам, прысутнічаў і спадар Шэйман, прэзідэнт кажа: «Ты павінен выканаць мой любы ўказ». Я яму кажу: «Аляксандр Рыгоравіч, людзей расстрэльваць я не буду. Канстытуцыю парушаць я не буду». Ён: «Калі ты не выканаеш мой любы ўказ, на цябе надзенуць кайданкі».

Гэта запалохванне? Або не? Гэта стыль кіраўніцтва прэзідэнта. Больш слабыя ламаюцца. Больш моцных дабіваюць. І робіцца паслухмяная машына дзяржаўная. Бяздумная, якае шчоўкае абцасамі. Гэта страшна. Гэта страшней за фашызм».

Нагадаем, што Юрый Захаранка бясследна знік 7 мая 1999 года.