Камісія па прызначэнні пенсій адмовіла пенсіянеру
Камісія па прызначэнні пенсій Буда-Кашалёўскага райвыканкама адмовіла 60-ці гадоваму слесару-інструментальшчыку ААТ «Гомелькабель» Анатолю Паплаўнаму ў прызначэнні пенсіі па старых правілах.
Свавольны слесар лічыць, што ніхто не мае адбіраць у яго права на працоўную пенсію па дасягненні 60 гадоў.
«Гэта права ўзнікла ў мяне першапачаткова ў СССР, а потым і ў Беларусі. Але ў 2017 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон, па якім я пайду на пенсію толькі ў 61 з паловай гады, што пагоршыла маё становішча ў параўнанні з раней існым заканадаўствам», — напісаў ён у дасудовай скарзе ўпраўленню па сацабароне Гомельскага аблвыканкама.
Працоўны не жадае губляць пенсію за 18 месяцаў і будзе дамагацца яе выплаты, нават калі для гэтага давядзецца дайсці да Вярхоўнага суда.
«Я разумею, што ствараю прэцэдэнт, якім у выпадку поспеху скарыстаюцца і іншыя пенсіянеры, якія не атрымалі пенсію ў 55 і 60 гадоў. Канстытуцыя забараняе надаваць зваротную сілу закону, які пагаршае прававое становішча грамадзян. Тым не менш, чыноўнікі павялічылі пенсійны ўзрост, а народ маўчыць. Я вырашыў дзейнічаць, бо калі адбудзецца павышэнне пенсійнага ўзросту ў мужчын да 65 гадоў, я пенсію не атрымаю і праз паўтара года», — лічыць гамяльчанін.
Чытайце таксама:Пенсійны бунт слесара
Анатоль Паплаўны з’яўляецца сябрам Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і не хавае, што прэтэнзіі да дзяржавы яму дапамагла падрыхтаваць юрыдычная служба прафсаюза. Прававы інспектар працы незалежнага прафсаюза Леанід Судаленка адзначыў, што пасля павелічэння ў 2017 годзе пенсійнага ўзросту яшчэ ніхто ў краіне не звяртаўся з такой нагоды ў суд.
«Анатоль Паплаўны супраць урада Беларусі» — стала першай цяжбай ў такім родзе», — адзначыў прафсаюзны юрыст. Ён дадаў, што ўжо ў судзе першай інстанцыі маюць намер дамагацца праверкі Канстытуцыйным судом надання зваротнай сілы закону аб пенсійным забеспячэнні.
Перспектывы гэтай справы пакуль няясныя — але сама спроба радавога працаўніка змагацца праз суд за свае сацыяльна-эканамічныя правы вельмі паказальная.
Паводле gomelspring.org