Кампанія «Права выбару-2015» арганізуе «незалежнае і гранічна зацікаўленае» назіранне

Прыхільнікі байкоту і актыўнага ўдзелу апазіцыі ў будучых выбарах аб'ядналіся ў межах кампаніі назірання «Права выбару-2015».



vybory_rb_tumby.jpg

У кампанію ўвайшлі 8 палітычных і грамадскіх структур, у тым ліку Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду», грамадская кампанія «Гавары праўду», аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

«Мы плануем адсочваць ход выбарчай кампаніі на ўсіх этапах: фармавання ўчастковых камісій, збору подпісаў і агітацыі. Асаблівая ўвага будзе нададзена працэдуры датэрміновага галасавання», — заявіў у сераду на прэс-канферэнцыі ў Мінске каардынатар «Права выбару-2015» Дзяніс Садоўскі.

Паводле яго слоў, прынцыповае адрозненне кампаніі ад іншых аналагічных місій, у тым ліку і арганізаваных праваабаронцамі — актыўны ўдзел у працэсе назірання, якое мае на ўвазе не проста фіксацыю магчымых парушэнняў, але і працу на месцах.

«Вядома, у рамках закона, назіральнікі будуць актыўна працаваць з прадстаўнікамі тэрытарыяльных камісій на месцах, каб не дапусціць ці прадухіліць парушэнне», — распавёў Садоўскі.

Ініцыятары кампаніі плануюць накіраваць на ўчасткі ў дзень выбараў каля 2.000 назіральнікаў. Каардынатары «Правы выбару-2015» падкрэслілі, што маюць намер супрацоўнічаць з іншымі незалежнымі назіральнікамі, каардынаваць дзеянні, каб закрыць непрадузятым наглядам максімальна магчымае колькасць участкаў.

Яны абяцаюць «сумленнае назіранне». «Прысутнасць у кампаніі шэрагу структур, якія працуюць на таго ці іншага патэнцыйнага кандыдата, ніяк не адаб’ецца на аб’ектыўнасці падыходаў і ацэнак. Толькі дадасць некаторым назіральнікам матывацыі», — адзначыў Садоўскі.

У сваю чаргу старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч таксама падкрэсліў, што для яго партыі «кампанія — гэта не проста фіксацыі нейкіх парушэнняў, а праца па адстойванні тых галасоў за таго кандыдата, якога мы падтрымліваем».

Пры гэтым прыхільнік байкоту сёлетніх выбараў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі паабяцаў максімальна непрадузяты падыход.

«Калі каманда Караткевіч парушыць, каманда БХД, будзьце ўпэўненыя, зафіксуе», — заявіў Рымашэўскі.

Прадстаўнікі партый пагадзіліся, што назіранне застаецца найбольш выніковым удзелам нязгодных грамадзян у выбарчым працэсе і заклікалі ўсіх жадаючых далучыцца да кампаніі.

Sputnik.by