Кангрэс даследчыкаў Беларусі ўпершыню пройдзе не за мяжой, а ў Мінску
На 27-29 верасня 2018 года запланаваны Восьмы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Упершыню за сваю гісторыю ён пройдзе ў Мінску. Акадэмічным партнёрам выступіць Акадэмія навук.

Адзін з кангрэсаў. Ілюстрацыйны здымак
Раней шэсць разоў Кангрэс праходзіў ў літоўскім Коўне і адзін раз — у польскай Варшаве.
Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера", старшыня аргкамітэта Кангрэса Андрэй Казакевіч кажа, што дамоўленасць аб пераносе мерапрыемства ў Мінск дасягнутая на гэтым тыдні.
Магчымасць правесці Кангрэс у Мінску Казакевіч тлумачыць імкненнем беларускай дзяржавы стварыць сабе пазітыўны імідж па-за межамі краіны.
«Канечне, правядзенне Кангрэсу ў Мінску адкрывае новыя магчымасці. Гэта для нас новы досвед. Мы рыхтуемся да складанай працы ў новых для нас умовах. Гэта значны крок, які можа мець вялікія пазітыўныя вынікі для развіцця беларускай навукі і акадэмічнай супольнасці», — упэўнены старшыня аргкамітэту.
Паводле «Еўрарадыё»